У кожнага сваё жыццё зямное

Общество

Калісьці ў нашай вёсцы было людна і весела, жылі яшчэ нашы бацькі, былі дома дзеці. Цяпер засталося крыху больш за дваццаць чалавек, з іх працуючых толькі 5, астатнія пенсіянеры. Ёсць два домікі дачнікаў. Нават на святы пануе нязвыклая цішыня, нічога не мяняецца наўкола.
А вось наш ручаёк, якому ўжо шмат гадоў, ніколі не сціхае. Бяжыць і журчыць ён ля майго хлява, булькае летам і зімой. Каварны лёд толькі на кароткі час прыпыняе бег. Пачатак ручай бярэ непадалёк вёскі, метраў за 300. Раней на ўзгорачку былі дзве крынічкі, але іх чамусьці не стала. Засталася адна, якая дае чыстую смачную вадзіцу.
Памятаю, калі тата вяртаўся з вайны, я праз ручаёк бегла яго сустракаць. Неаднаразова валілася з кладачкі, як была малая. Мама зімой ткала кужаль, каб пашыць нам кашулі, летам хадзіла на работу, каб зарабіць працадзень на хлеб. Мне было заданне бяліць тое палатно. Мама рэзала яго на даўгаватыя кускі, а я павінна была іх мачыць і сушыць на траве. Як намачу, то цяжкая тканіна цягнула мяне ў ручай. Сухую збіраць было лягчэй.
Я была старэйшая з дзяцей. Былі яшчэ два браты – Юзік і Віця. Калі ў мамы надараўся вольны дзень, яна брала нас траіх у лес, збіраць ягады. Трэба было назбіраць многа, а тата ездзіў прадаваць, каб пракарміць нас. Па дарозе ў лес старэйшы брат бег да крынічак і абліваўся. Гэта загартоўка яму спатрэбілася пазней, калі пасля 11 класаў паступіў у Чарнігаўскае лётнае ваеннае вучылішча. Добрыя фізічныя даныя і жаданне вучыцца спрыялі, Юзік скончыў пасля ваенную акадэмію імя Гагарына. Цяпер ён палкоўнік у адстаўцы. Калі брат прыязджае ў родныя мясціны, абавязкова наведвае сваю крынічку, і яго таксама непакоіць, дзе і чаму зніклі яшчэ дзве.
Другі мой брат жыве ў Багданаве, працуе на чыгуначнай станцыі. Дажыў да пенсіі – 29 студзеня адзначыў свой юбілей. У «Працоўнай славе» не так даўно быў яго здымак.
Мне вельмі цікава, чаму наша вёска атрымала назву Студзянец. Раней пра гэта не было калі думаць, трэба было працаваць, дзяцей гадаваць, у школу, а пасля на вучобу выпраўляць. А цяпер усё часцей пра гэта задумваюся. Магчыма, атрымаю адказ праз газету…

Ірына КАЗАКЕВІЧ, жыхарка вёскі Студзянец.



Добавить комментарий