У гімназіі № 1 Валожына вядзецца патрыятычнае выхаванне вучняў, прапагандуецца ўклад беларускага народа ў перамогу над фашызмам і расказваецца пра міралюбівую знешнюю палітыку Беларусі.
Валанцёрскія атрады дапамагаюць ветэранам. Піянеры і камсамольцы шэфствуюць над 10 удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны.
У бібліятэцы арганізавана выстава “Гартаючы старонкі гісторыі”, дзе гімназісты знаёмяцца з гісторыяй нашай роднай Валожыншчыны. Тут прадстаўлены альманахі па гісторыі, культуры, архітэктуры раёна, маюцца даведкі пра славутых людзей нашай зямлі. Ёсць альманах пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны “Перамога ў сэрцы кожнага жыве”, героямі якога сталі валожынцы, якія прайшлі франтавымі дарогамі, змагаліся ў партызанскіх атрадах.
Кожны год у Дзень Перамогі ў гімназіі наладжваюцца сустрэчы з ветэранамі. Так было і напярэдадні святкавання 66-й гадавіны Вялікай Перамогі.
Піянеры нашай установы сумесна з раённай арганізацыяй ГА “Белая Русь” павіншавалі ўдзельнікаў вайны, уручылі ім падарункі і кветкі, запрасілі за салодкі стол. Усё гэта не пакінула пажылых людзей раўнадушнымі.
Мілана БРАЗОЎСКАЯ,
член вучнёўскага самакіравання,
вучаніца гімназіі № 1 г. Валожына.