Военная трагедия семьи Чабровских

Культура

…Без трагедыі вайны не бывае. Людзей білі, як птушак. Кожны дзень па вуліцы везлі хаваць загінуўшых. Вяскоўцы толькі адзін у аднаго пыталіся: “Ну, каго на гэты раз?”…

1943 год. Звычайная, добрая шматдзетная сям’я Чаброўскіх з Бурбаўшчыны села абедаць. Раптам скрыпнулі дзверы, і ў праёме паказалася фігура немца. Яго суправаджалі паліцаі з мясцовых жыхароў, сярод якіх быў і Бэрна Федаровіч з Пяроўшчыны. Пад дуламі вінтовак сям’ю выгналі на вуліцу. Немец шпарка пайшоў далей, а паліцаі працягнулі чорную справу. Паставілі да сцяны 6 чалавек – бацьку з маці і 4 іх дзетак, старэйшай з якіх было толькі 12 годзікаў. Маленькую двухгадовую дачушку, што моцна плакала, маці схапіла на рукі і прытуліла да сэрца.

Прагучалі першыя стрэлы. Дзеці бачылі страшную смерць родных. Выстралілі і ў жанчыну. Яна ўпала на зямлю, так і не выпускаючы з рук дзіцятка. Куля працяла абедзвюх… Малютка памерла адразу, а параненую жанчыну з прабітым лёгкім удалося выратаваць. Партызаны завезлі яе на аэрадром у Печы, адтуль – у Маскву. Выжыла. Але няшчасная Эвеліна ўсё жыццё дакарала сябе: навошта яна засталася на гэтым свеце адна, без сям’і? Да таго страшнага дня яна ўжо зведала вялікае гора: старэйшы сын пайшоў на польскую вайну і згінуў бясследна. Другі сын падаўся ў партызаны – бацькі нічога не ведалі пра яго намер. Вось за гэта немцы і іх паслугачы так жудасна адпомсцілі сям’і Чаброўскіх.

Пасля вайны сваякі пабудавалі Эвеліне хату замест старой, спаленай. Сын, які працаваў у Мінску, трагічна загінуў. Да самай смерці, як малітву, паўтарала: “Усемагутны, за што ты паслаў мне такую кару?” Без трагедыі вайны не бывае…



Добавить комментарий