Бывший животновод из деревни Давбени профессионально танцует лезгинку

Общество

22 мая ў раённым цэнтры культуры прайшоў чацвёрты рэгіянальны фестываль нацыянальных культур “Шматгалоссе”.

Раённы фестываль нацыянальных культур “Шматгалоссе”, які праводзіўся 22 мая ў РЦК ужо чацвёрты год запар, дае яго ўдзельнікам адчуванне хвалюючага свята, калі ты вяртаешся дадому, пад крыло мілых успамінаў –  у далёкую і такую блізкую сэрцу Арменію, Расію, Украіну, Казахстан і іншыя краіны. Людзі 32-х нацыянальнасцей мірна і дружна жывуць і працуюць на нашай Валожыншчыне. І раённы фестываль ставіць сваёй мэтай паказаць самабытнасць іх культуры, традыцый, звычаяў, прадставіць нацыянальную кухню.

У час канцэрту на сцэне раённага цэнтра культуры ўдзельнікі традыцыйнага фестывалю выканалі сваю галоўную місію: данеслі да гледачоў яркі каларыт іх краін. Хто зрабіў гэта з дапамогай верша, хто дзякуючы песні, хто выказаў свае пачуцці ў імпэтным танцы, а нехта прадэманстраваў асаблівасці нацыянальнай кухні.  Кожны  быццам бы вышыў свой  самабытны ўзор у агульным арнаменце дружбы паміж народамі. Розныя шляхі-дарогі прывялі на Валожыншчыну сем’і з рэспублік былога Савецкага Саюза. Нехта перабраўся сюды ў спрыяльныя камуністычныя часы, нехта, нібы лісток ветрам гнаны,  вымушана развітаўся з зямлёй сваіх продкаў у гады катаклізмаў і знайшоў свой прытулак у азёрна-чыстай, прыгожай і гасціннай Беларусі.

У кожнай з гэтай сям’і свой выбар, свая сцежка лёсу, свае традыцыі. Некаторыя пражылі ў нашым раёне дзесяць, некаторыя дваццаць, а то і трыццаць гадоў. Новыя атожылкі пусціла дрэва іх жыцця. Ужо ў Беларусі папоўніліся многія сем’і дзеткамі, прычакалі бацькі зяцёў, нявестак, галубяць бабулі і дзядулі сваіх  любімых унукаў. І я ўпэўнена, што калыханка ім успамінаецца тая, родная, якую некалі спявала ім маці.

Я не першы  год з вялікім задавальненнем гляджу праграму раённага фестывалю нацыянальных культур ”Шматгалоссе”. І так было і на гэты раз. Многіх выканаўцаў ужо ўспрымаю як добрых даўніх знаёмых.  Заўсёды не перастаю здзіўляцца энтузіязму, творчаму натхненню людзей, якія ўдзельнічаюць у гэтым своеасаблівым творчым конкурсе. Штогод яны абавязкова знаходзяць новыя фарбы, арыгінальныя сцэнічныя вобразы, каб прадставіць сваю Радзіму, паказаць, як дорага і люба іх сэрцу матчына старонка. Многія выканаўцы спяваючы любімыя песні, трымалі рукі ля сэрца.  І гэта  не спекуляцыйны артыстычны жэст, гэта –  шчырае прызнанне роднай далёкай старонцы ў вернасці і любові, гэта магчымасць мовай мелодыі, словамі песні прысягнуць у адданасці той зямлі, якая ўзгадавала. Фестываль – гэта і магчымасць паказаць людзям, што ты дажыў на іншай зямлі да сівых валасоў, але так і не забыўся каларытнай роднай мовы, па-ранейшаму адчуваеш яе непаўторную красу, што ты  горача любіш свой край, хоць і бываеш там раз у год, а то і радзей.

У канцэртнай праграме раённага фестывалю ў асноўным былі задзейнічаны дарослыя, якія нарадзіліся і выхоўваліся ў аўтэнтычным асяроддзі. Яны з малых гадоў, як губка жыватворную вільгаць, уцягнулі ў сябе водар і фарбы нацыянальнай культуры. А наколькі глыбокія карані  ў сваю нацыянальную духоўную глебу пусцілі іх нашчадкі, якія нарадзіліся і выраслі ўжо  на беларускай зямлі. Адна з жанчын-глядачак пасля завяршэння канцэртнай праграмы не выпадкова сказала сваёй суседцы: “Спадабаліся ўсе нумары, хацелася б, каб даўжэй цягнуўся канцэрт, ды і дзетак-артыстаў  ў праграме чамусьці было мала”.

У мінулую нядзелю на сцэне РЦК  усе ўдзельнікі канцэрту былі паўнапраўнымі гаспадарамі. А добрую запеўку святочнай праграме зрабіў знакаміты ракаўскі “Гасцінец” – заслужаны аматарскі калектыў краіны, які клапатліва зберагае, захоўвае і прапагандуе традыцыйную народную культуру.

Удзельнікі канцэртнай праграмы, за рэдкім выключэннем, людзі далёкія ад прафесіі культработніка, але радуе, што ўсе яны выглядалі на сцэне досыць артыстычна і ўпэўнена. Некаторыя нават спецыяльна падрыхтавалі  нацыянальныя  строі для выступлення, старанна прадумалі свой рэпертуар. На працэнтаў восемдзесят выступаючыя – удзельнікі мінулагодніх фестываляў. Але былі сёлета і прыемныя сюрпрызы. У прыватнасці, удала дэбютавала Надзея Васільеўна Сёміна, якую многія памятаюць на пасадзе сакратара раённай камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме.

Надзвычай цёпла прымалі гледачы выступленне ансамбля “Крэсавянкі”, які працуе пры Доме польскім ў Івянцы. Кіруе гэтым калектывам Таццяна Шыдлоўская. А юныя ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Праменьчык”  гарпасялковага ДК пад кіраўніцтвам Таццяны Малішэўскай таленавіта выканалі танец “Паланез” пад знакамітую музыку Агінскага.

…Не ведаю ці праводзяцца аналагічныя мерапрыемствы ў іншых раёнах вобласці. Калі так, то для ўзмацнення акцэнту культурнай поліэтнічнай разнастайнасці можна было б запрасіць калектывы і з іншых раёнаў Міншчыны. Падобнае творчае супрацоўніцтва прынесла б добры плён, а для прадстаўнікоў тых народаў, якія засталіся далёка ад роднай старонкі, была б выдатная магчымасць сустрэцца і пазнаёміцца са сваімі землякамі з іншых раёнаў.

Як сказаў у час урачыстага адкрыцця фестывалю начальнік аддзела культуры райвыканкама В. М. Адамовіч, гэта мерапрыемства не ставіла сваё мэтай вызначыць лепшых. Найважнейшымі з’яўляюцца культурныя зносіны, магчымасць паказаць свой талент, перадаць каларыт самабытнай культуры свайго народа. Не выпадкова ўсе ўдзельнікі “Шматгалосся” атрымалі Ганаровыя дыпломы і каштоўныя падарункі, а гледачы – задавальненне ад цікава праведзенага выхаднога дня.

Ірына ПАШКЕВІЧ

Фота аўтара.



Добавить комментарий