Служба ГАИ обращается к взрослым: “Уделяйте больше внимания детям! Почаще повторяйте с ними правила дорожного движения. Это поможет избежать трагедии…»

Закон и порядок

Супрацоўнікі аддзялення ДАІ звяртаюцца да дарослых, бацькоў і педагогаў: “Удзяляйце больш увагі непаўналетнім, кантралюйце, як яны паводзяць сябе на праезнай частцы, не лянуйцеся зноў і зноў паўтараць з дзецьмі правілы дарожнага руху.”

У канцы красавіка загінуў вучань дзевятага класа адной з сярэдніх школ райцэнтра. Юнак, не маючы правоў на кіраванне транспартнымі сродкамі, рашыўся праехацца на матацыкле “Іж-Юпітэр”. Пазней эксперты ўстановяць: хлопец няправільна выбраў хуткасны рэжым, не ўлічыў асаблівасць дарожнага пакрыцця, да таго ж юны вадзіцель не карыстаўся моташлемам. Усё гэта прывяло да трагічнага здарэння: матацыкл вынесла прама на бетонную агароджу. Юнае жыццё абарвалася ў момант удару…

Маці загінуўшага ў гэты час знаходзілася дома. Паўстае пытанне: “Чаму юнаку ніхто не забараніў сесці за руль матацыкла?”

У Вішневе маці размаўляла са знаёмай і недапільнавала за чатырохгадовым сынам. Дзіця хвілін пятнаццаць самастойна бавілася на вуліцы, а потым раптоўна выскачыла на праезную частку і трапіла пад колы аўтамабіля. Няўжо маці малога не ведала, чым можа скончыцца гульня на праезнай частцы?

Падобная сітуацыя адбылася і ў Радніках. Праўда, тут пацярпеў семнаццацігадовы юнак. Ён выйшаў на дарогу з-за прыпаркаванага на правай абочыне аўтамабіля, дзе і быў збіты іншамаркай. Відаць, гэтаму амаль што даросламу хлопцу так і не ўнушылі, што выходзячы на праезную частку вуліцы, неабходна быць асабліва ўважлівым…

Усяго ў гэтым годзе на дарогах Валожыншчыны зарэгістраваны 6 ДТЗ з удзелам дзяцей, адно дзіця загінула, пяцёра атрымалі раненні. Даследаванне прычын аўтааварый паказала: непаўналетнія дрэнна ведаюць правілы дарожнага руху і таму не прытрымліваюцца іх, падлеткі часам  вядуць сябе на вуліцы  недысцыплінавана. Але галоўная прычына дзіцячага траўматызму на дарогах наступная: з боку дарослых адсутнічае належны кантроль за паводзінамі дзяцей.

З  наступленнем цёплай пары года звычайна назіраецца рост сумнай статыстыкі па дарожна-транспартных здарэннях. Каб засцерагчы дзяцей ад трагедый, ДАІ звяртаецца да ўсіх грамадзян і просіць быць пільнымі і нераўнадушнымі.  Паведамляйце пра факты недысцыплінаваных паводзін на дарогах па тэлефоне 102.

Толькі сумеснымі намаганнямі мы здолеем зберагчы маладыя жыцці.

Андрэй ЖУДРЫК, начальнік аддзялення ДАІ РАУС.



Добавить комментарий