Новости прошедшей недели

Общество

Філіял № 1 ААТ “Завод “Белпласт” пачаў асвойваць выпуск вырабаў з новага віду сыравіны. Як паказала маркетынгавае даследаванне, у прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў электраэнергіі вырас попыт на вырабы з металу. Зараз філіял выпускае металавырабы 50 найменняў.

У міжрэгіянальным этапе ваенна-патрыятычнай гульні “Бастыёны мужнасці”, які праходзіў нядаўна на базе воінскай часці ў Печах, прымала ўдзел каманда школьнікаў нашага раёна. У агульнакамандным заліку яна заняла 5-е месца, а ў асабістым заліку вылучыўся адзінаццацікласнік СШ № 2 Раман Загорскі, які стаў другім у спаборніцтве па кулявой стральбе.

Дыпломы III ступені за навукова-даследчыя работы па геаграфіі атрымалі  вучань 8 “А” класа гімназіі А. Чарнышоў і адзінаццацікласнікі Івянецкай СШ В. Дубіцкі і С. Канапацкі на VIII Міжнародным форуме студэнцкай і вучнёўскай моладзі “Першы крок у навуку-2011”, які праходзіў на базе НАН Беларусі.

За чысціню вуліц райцэнтра пачала клапаціцца прыбіральная машына шведскай вытворчасці, якая падмятае тратуары і дарогі, не падымаючы пылу. Набыццё машыны абышлося РУП “Валожынскі жылкамунгас” у 116 мільёнаў рублёў. Валожын – другі райцэнтр у вобласці, дзе ёсць такая тэхніка.

50 ваеннаабавязаных прызваны мясцовай воінскай часцю на чарговыя вучэбныя зборы, сярод іх – 19 жыхароў Валожыншчыны. Наперадзе іх чакаюць заняткі па баявой падрыхтоўцы, абслугоўванню тэхнікі. А пакуль ваеннаабавязаныя паспелі пабываць на экскурсіях у гісторыка-культурным комплексе “Лінія Сталіна“ і музеі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску.

“Міс-фота 2009” Крысціна Кучынская нядаўна выступіла спонсарам для выхаванцаў Івянецкага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі фізічнага развіцця. Сталічная прыгажуня набыла білеты і арганізавала для 55 дзяцей запамінальную паездку ў Мінскі дзяржаўны цырк.

Вучні і настаўнікі Вішнеўскай дзіцячай музычнай школы далі канцэрт у Сакаўшчынскай СШ. Сярод слухачоў знаходзілася і дэлегацыя з Германіі. Усе нумары канцэртнай праграмы былі ўспрыняты на ўра. Некаторыя песні так натхнілі прысутных у глядзельнай зале, што артыстам падпявалі нават замежныя госці.



Добавить комментарий