Тракторист переквалифицировался в резчика по дереву

Официально

Чалавек здабывае сваю мудрасць у кнігах, яны вякамі былі першаасновай ведаў. Але адкуль жа бяруцца майстры-самавукі, дзе нараджаюцца вытокі народнага рамяства? Мікалаю Аляксандравічу КЛІМОВІЧУ з вёскі Сакаўшчына, на жаль, не выпала магчымасці скончыць вучылішча ці каледж дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але вопыту работы з дрэвам у гэтага чалавека ўсё роўна даволі багата.

Па нябачных старонках кнігі натхнення спасцігаў ён сакрэты вырабу многіх арыгінальных рэчаў, якія сёння ўпрыгожваюць пакоі жылога дома. Тое-сёе са здольнасцей перадалося і ў спадчыну…

Прырода адарыла гэтага чалавека вобразным мысленнем, фантазіяй. Не выпадкова з лесу, куды летам часта адпраўляецца за грыбамі, ён ніколі не вяртаецца з пустымі рукамі. У густым бураломе абавязкова натрапіцца казачна-пакручастыя галіны дрэў, а замшэлы пень нечакана нагадае майстру нейкі дзіўны вобраз. Усе гэтыя знаходкі ён беражліва прынясе дахаты, ачысціць ад бруду, а натрэніраванае вока згледзіць у тым драўляным друзе чарговы будучы шэдэўр. І тады справа, як кажуць, за малым… Мікалай Аляксандравіч возьме ў рукі інструмент, старанна “аддзеліць усё лішняе”, і ў выніку атрымаецца чарговая карысная і прыгожая побытавая рэч.

У калекцыі майстра ёсць шматлікія арыгінальныя скарбонкі, кашпо, падстаўкі пад розныя кухонныя прадметы, нават арыгінальныя ручкі да засланак у печы ён “знайшоў” у ельніку. Выйгрышна глядзяцца і мудрагелістыя рамкі з дрэва для люстэрка, ажыўляюць прыхожую драўляныя палічкі, прымацаваныя на сцяне. Такіх эксклюзіўных рэчаў не купіш у магазіне.

Нішто не схаваецца ад пільнага вока майстра, калі той знаходзіцца на ўлонні прыроды, абавязкова знойдзе нейкі “рэдкі экспанат”, якому потым надасць бездакорную “агранку”.

Прыгожыя работы М. А. Клімовіч зрабіў са звычайных нарасцяў, якія часта сустракаюцца на беластволых бярозах. Усе адценні дрэва сталі яшчэ больш выразнымі і багатымі, калі гэтыя падзелкі ўмелец апрацаваў спецыяльным лакам.

Ужо шмат гадоў ён вырабляе розныя дэкаратыўна-прыкладныя рэчы. У доме іх сабралася цэлая калекцыя, нават франтоны гаспадарчых пабудоў аздоблены разьбой па дрэву.

Асноўная прафесія Мікалая Аляксандравіча – механізатар. Па стану здароўя прыйшлося заўчасна выйсці на пенсію.



Добавить комментарий