Огромная трехсотлетняя липа упала между домами по улице Ленина, не причинив вреда постройкам

Культура

Каму цяпер прыйдзе ў галаву будаваць жытло самому? Ёсць абучаныя людзі, спецыяльныя арганізацыі – плаці ды работу прымай. І высяцца сучасныя церамы вежамі, аркамі, выцясняючы ўзведзеныя самавучкамі традыцыйныя пяцісценкі.Згодна гістарычным звесткам, пачынаючы з XV стагоддзя асноўным тыпам жылля беларуса становіцца хата з двума памяшканнямі (хата і сенцы), або трохмерная – святліца, сенцы, гаспадарчы адсек. Хоць проста і сціпла, але затое рацыянальна. Лёгкасць праекта дазваляла нават будаўніку-дэбютанту справіцца з ролямі прараба, муляра і цесляра. Сямейнае гняздо мужчына “віў”, збіраючы па дрэўцу: купляў, нарыхтоўваў, часам займаўся незаконнай высечкай. Кожнае бервяно, якое клалася ў зруб, было абласкана мазолістай рукой гаспадара.

Бацькоўская хата… Да цвічка, да трэшчынкі знаёмая. Убачыўшы здалёк, як бліснулі, бы ўсміхнуліся вокны, жанчына прашаптала будынку: “Прывітанне, я таксама рада нашай сустрэчы!”. Яна размаўляе са старым домам бы з жывой істотай і моліцца, каб ён захаваўся яшчэ доўга-доўга. Тут, пад родным дахам, знікаюць усе страхі, на душы робіцца лёгка і спакойна. Адкуль такая збаўчая моц? Можа чыстыя думкі адышоўшых продкаў атуляюць прастору, дзе радзіліся, дбалі пра дабрабыт, марылі пра шчасце?

Жанчына, перакладчыца з нямецкай мовы, шмат падарожнічала. Але ні адна мясціна ў свеце не прымусіла сэрца так трапятаць, як гэты самы звычайны куток вуліцы Леніна ў Валожыне, дзе дом пад старой, векавой ліпай.

Некалі весела было гуляць з сёстрамі ў цяні дрэва, гушкацца на калысцы, падвешанай на магутным голлі, удыхаць мядовы водар, калі мама раніцай расчыняла вокны. Ды вось занядужыла ліпа, а ахвотніка, які мог бы спілаваць магутны ствол, не знаходзілася. Нават камунальнікі не давалі гарантыі, што справяцца з работай без нанясення шкоды лініі электраперадач, будынкам.

У той летні дзень суседзі, што жывуць цераз вуліцу, палуднавалі за сталом насупраць акна. Яны і расказалі: “Дрэва раптам нахілілася ў адзін бок, потым у другі, быццам раздумваючы, куды ўпасці.”

Ліпа рухнула акурат у вузкі калідор паміж дамамі. Нават самы вопытны лесаруб ці змог бы разлічыць такую ўдалую траекторыю падзення.

— Містыка! – дзівіліся маладзейшыя. – Якога паўметра – і хату разваліла б.

— Тут усё зжылося, зраднілася. Гэта дрэва аддзячыла гаспадарам за любоў і малітву… — сцвярджалі больш сталыя.

Алена ЗБІРЭНКА.



Добавить комментарий