Не так даўно адбылася падзея, якую ў Івянцы вельмі чакалі: адкрыццё гандлёвага цэнтра пасля капітальнай рэканструкцыі. Ужо ў першы дзень работы абноўленай гандлёвай кропкі было зразумела, што яна мае выдатныя шансы стаць самай наведваемай у гарпасёлку.
На рамонтныя работы асвоена звыш мільярда рублёў. Перааснашчэнне гандлёвых залаў будзе працягвацца і далей.
На другім паверсе размясціліся аддзелы “Гаспадарчыя тавары”, “Адзенне і абутак”, у якіх прадстаўлены вырабы лёгкай прамысловасці Беларусі. На першым паверсе памяшканне былой сталовай зараз пераабсталявана пад магазін “Мэбля”. Дарэчы, у Івянцы ніколі не было магазіна, дзе прадавалі б выключна мэблю. Прадугледжана і такая паслуга, як прывоз мэблі па каталогу пад заказ.
Цяпер івянчане маюць магчымасць набыць у магазіне ўсё неабходнае: і бытавую тэхніку, і бытавую хімію, і мэблю…
У новай гандлёвай кропцы гарадскога пасёлка пакуль што заняты восем прадаўцоў, адзін аддзел узначальвае Марыя Іванаўна Субач, другі – Святлана Мікалаеўна Каляга. У дзень адкрыцця яны разам з калегамі атрымалі звыш 35 мільёнаў рублёў выручкі, што ў тры разы больш, чым у перыяд, калі гандлёвы цэнтр эксплуатаваўся не на поўную магутнасць. Зараз штодня ў сярэднім атрымліваюць каля шасці мільёнаў рублёў.
… Тавары змяталіся так імгненна, што прадаўцы не паспявалі папаўняць асартымент. Калі ў іншых рэгіёнах самымі хадавымі аказаліся халадзільнікі і пральныя машыны, то ў Івянцы найперш раскупілі пыласосы. Як запэўніваюць у райспажыўтаварыстве, сітуацыя стабілізуецца, гандлёвыя плошчы запоўняцца па максімуму.
Алена ЗБІРЭНКА.