60 лет дружит с аккордеоном пенсионер Борис Гирейко

Культура

Барыс Канстанцінавіч ГІРЭЙКА амаль паўвека правёў за баранкай аўтамабіля. Але ён разумее не толькі музыку матора… Паслухмяны спрактыкаваным рукам гэтага чалавека і акардэон. Гэты музычны інструмент не пыліцца ў чорным футляры на шафе. Вось літаральна ўчора, прызнаецца наш субяседнік, ён дазволіў сабе некалькі хвілін адпачынку з акардэонам у руках. Чатырохгадовы ўнук Арсеній папрасіў дзядулю сыграць “нешта вясёленькае”. У рэпертуары Барыса Канстанцінавіча ў асноўным эстрадныя песні савецкай пары. Ён не толькі здольны акампаніятар, але і выканаўца. Не раз выступаў на рознага роду конкурсах, фестывалях самадзейнага мастацтва.

А “захварэў” музыкай яшчэ ў маладосці. У паўгалодныя пасляваенныя гады, калі праца ў калгасе была асноўнай і адзінай крыніцай даходаў, ён рашыўся папрасіць у тагачаснага старшыні гаспадаркі па прозвішчу Паграбняк, каб той аказаў грашовую матэрыяльную дапамогу. Старшыня згадзіўся пасадзейнічаць просьбе юнака з беднай шматдзетнай сям’і. Але быў вельмі здзіўлены, калі Барыс Канстанцінавіч расказаў, што грошы яму трэба не на тое, каб купіць адзенне, абутак, а на зусім неардынарную пакупку – на акардэон. Не стаў пярэчыць кіраўнік калгаса,  калі глянуў, як гараць бляскам вочы ў яго прасіцеля. Усялякімі хітрыкамі аформілі тады дакументы, выдалі наяўныя грошы. І вось неўзабаве родныя сёстры прывезлі з Мінска бэушны акардэон знакамітай фірмы “Гогнер”. Шчасцю Барыса не было канца!

За дзесяцігоддзі музычны інструмент адчувальна знасіўся. Бо гаспадар часта не выпускаў яго з рук на рознага роду сямейных урачыстасцях, вяселлях, вясковых пасядзелках.  Для Барыса гэта вельмі дарагая рэч, бо дзякуючы акардэону ён адпачывае душой. Каб стары інструмент верна паслужыў яшчэ далей, ён вырашыў аднойчы аддаць яго ў “капітальны” рамонт на Маладзечанскую фабрыку, дзе выпускалі аналагічную прадукцыю. Цяпер верны друг выглядае, як новенькі…

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий