Пагарэльскія жамчужынкі

Культура

Мая родная вёска Пагарэлка – вельмі прыгожая, маляўнічая. Стаіць яна, як пышная паненка, на ўзгорку, недалёка ад славутага Івянца. Любяць і ўмеюць у нас пасядзець у добрай кампаніі, паспяваць цудоўныя народныя песні. Адной з лепшых спявачак была мая маці, Сабіна Адамовіч. Калісьці яна садзіла мяне за стол, вучыла вышываць крыжыкам, гладдзю дарожкі на стол ці карціны на сцяну, вязаць кручком карункі да ручнікоў і прасцінаў. За работай мы пачыналі спяваць, асабліва любілі песню “Быстрая рачэнька, абедзве плакалі, спачатку мама, а за ёй і я…
Быстрая рачэнька
Ваду замуціла.
Чаму смутная, невясёлая,
Ці матулечка біла?

Матуля не біла,
Я й сама засмуціла,
Ой не даў мне Бог, не судзіў Бог,
Каго верна любіла.

Пайду я да броду,
Да броду па воду.
Ох, і стану я, й падумаю –
Ці харошага роду?

Я й роду радлівага,
На ліцы я красівая,
За ліхім мужам, за нядбайнічкам
Мая доля нешчаслівая.

Пайду да касцёла,
Стану за дзвярыма.
Бабы моляцца, дзеўкі строяцца,
А я льюся слязіма.

Пайду я ў камору,
Мукі – ні пылінкі.
Галасіць буду, пазычаць буду
У сваёй мілай радзінкі.

Ці ж я не такая,
Як тая, другая!?
Я й харошая, я й прыгожая,
Толькі доля ліхая!

Каб я тое знала,
Што мая доля злая,
Не пайшла бы я, не паехала б,
Такая маладая!

Каб я тое знала,
Што замужам ліха,
Ай, сядзела б я, бульбу ела б я,
У матулечкі ціха…

Ірына АДАМОВІЧ, жыхарка в. Пагарэлка.



Добавить комментарий