Новости прошедшей недели

Общество

На чарговым пасяджэнні райвыканкама абмеркавана пытанне ўключэння ў гаспадарчы абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца і знаходзіцца ва ўласнасці раёна. На Валожыншчыне знаходзіцца 805 аб’ектаў камунальнай уласнасці. Па выніках апошняй інвентарызацыі не выкарыстоўваюцца 24 будынкі.

Пахвальныя водгукі на абласным конкурсе мультымедыйных прэзентацый «Наш Уладзімір Караткевіч», прысвечаным юбілею славутага пісьменніка, атрымалі выхаванцы Чэхаўшчынскай школы-інтэрната Сняжана Лямбовіч і Арцём Пашкоўскі, а таксама навучэнец сельскагаспадарчага ліцэя Кірыл Макарэвіч. Усяго ад раёна на конкурс было прадстаўлена 6 прэзентацый.

На базе ДВЛГУ «Валожынскі вопытны лясгас» прайшоў 18-ы чэмпіянат вальшчыкаў лесу Мінскай вобласці. Аператар Віктар Канстанцінавіч Чарняўскі з Каменскага лясніцтва заняў 1-е месца ў спаборніцтвах пагрузачна-транспартных машын. У камандным заліку перамогу атрымалі лесанарыхтоўшчыкі з Бярэзінскага раёна.

Выхаванцы і выкладчыкі Вішнеўскай дзіцячай музычнай школы наведалі са справаздачным канцэртам Багданаўскую школу. На працягу гадзіны яны дарылі вучням гэтай установы чароўныя гукі музыкі і прыгожыя задушэўныя спевы. Была арганізавана і выстава малюнкаў дзяцей, што займаюцца ў мастацкай студыі. Дарэчы, музычную школу наведваюць і Багданаўскія школьнікі.

У абласным галіновым спартыўным спаборніцтве па лёгкай атлетыцы, якое сёлета праходзіла ў Вілейцы, удзельнічала зборная каманда РВПС Мінскага філіяла «РУП Белпошта». У асабістым першынстве сярод жанчын 3-яе месца заняла начальнік Сакаўшчынскага аддзялення сувязі Наталля Навагель, а сярод мужчын – такі ж вынік паказаў сталяр Валожынскага РВПС Уладзімір Дружынін.

Члены ветэранскага клуба «Залатая восень» разам з адпачываючымі з санаторыя «Іслач» нядаўна арганізавалі і правялі экскурсію па раёне. Яны пабывалі ў Ракаве, Пяршаях, Івянцы, Валожыне. Пра пазнавальны бок мерапрыемства паклапаціўся раённы музей, які прадаставіў вопытнага гіда.

Супрацоўнікі аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама разам са спецыялістамі дзённага аддзялення прабывання інвалідаў пры ТЦСАН правялі спартландыю для наведвальнікаў аддзялення. Пасля спартыўнага мерапрыемства і ўдзельнікаў, і балельшчыкаў чакаў пікнік на свежым паветры.

 



Добавить комментарий