Путешествие в 400 деревень Воложинщины запланировали журналисты районки

Культура

Мазурка, Дарагунь, Зацішак, Студзянец, Млынкі, Карнюткі, Сіняя Гара, Монькі, Клерымонты… Услухайцеся ў мелодыку назваў валожынскіх вёсак! Нейкая магічная сіла прымушае наведацца сюды, адкрыць веснічкі на сцішаных сядзібах, зайсці ў хату да тутэйшых жыхароў і паслухаць іх шчыры расказ пра родны кут, дзе ў цесны клубочак успамінаў перапляліся розныя падзеі, факты, вясковыя былі і легенды…

Больш за 400 населеных пунктаў налічваецца на карце Валожыншчыны. Гэтым і ўнікальны наш раён на Міншчыне, гэтым і прыцягальная маляўнічая налібоцкая старонка для шматлікіх турыстаў і гасцей. У свой час мы шмат пісалі пра раён. Але кампактнага, цэласнага матэрыялу так і не ўдалося сабраць. Нават мы, журналісты, прафесія якіх звязана з пастаяннымі камандзіроўкамі, і то, на жаль, не змаглі пабываць ва ўсіх вёсках раёна, адпрацаваўшы ў газеце больш за дваццаць гадоў. Гэта «ўпушчэнне» і збіраемся цяпер выправіць. Пад рубрыкай “Свой край вывучай” мы ствараем анталогію 428  вёсак раёна. Вядома, адным журналістам зрабіць гэта будзе няпроста. Таму пераканаўча просім далучыцца да  важнай справы музейных работнікаў, настаўнікаў гісторыі, краязнаўцаў-аматараў, культработнікаў, старастаў вёсакі, словам, усіх дапытлівых людзей. Давайце ў цесным сааўтарстве, дзякуючы архіўным матэрыялам, фатаграфіям з сямейных архіваў, дзякуючы школьным сачыненням, курсавым студэнцкім работам па краязнаўству, напісаным у розныя гады, сфарміруем унікальны летапіс кожнай вёскі Валожынскага раёна. Першым пунктам нашага тапанімічнага падарожжа была вёска Камень, а сёння мы завітаем у вёску Навіны Яршэвіцкага сельсавета. Наступны маршрут – вёска Рум Валожынскага сельсавета.

Са шчырай павагай да чытачоў і аднадумцаў – рэдактар газеты Ірына Пашкевіч.

Кантактныя тэлефоны: 55-2-63,  мабільны 8-029 3919813.

***

КРАЯЗНАЎЧА-ІНФАРМАЦЫЙНЫ МАРШРУТ № 2

Помещик Полесковский посылал воложинцев учиться в Париж.

Вёска Навіны Яршэвіцкага сельсавета, бы той купалаўскі курган, размясцілася “паміж пустак, балот беларускай зямлі…”. У пачатку ХIХ стагоддзя пан Паляскоўскі, які жыў у Кіяўцы, валадар наваколля, надумаўся ўвесці ў севазварот няўдобіцы.

Быў ён чалавек кемлівы і пралічыў, што выгадней надзяліць малазямельных сялян забалочанымі гектарамі, чым самому дбаць пра арашэнне. Мужыкоў доўга ўпрошваць не прыйшлося, хутка знайшліся тры сям’і, усе па прозвішчу Шукевіч, якія ахвотна згадзіліся на перасяленне. Мясціну, да таго часу неабжытую і дзікую, пачалі зваць Навінамі, у знак таго, што тут будзе ўсё па-новаму. Цяжкая праца людзей не палохала, тым больш што пан Паляскоўскі прадаставіў выгадныя ўмовы арэнды і абяцаў перадаць землі самым руплівым гаспадарам ва ўласнасць. Так на радаснай, аптымістычнай ноце і будаваліся Навіны. Станоўчы настрой адчуваўся нават у абліччы новай вёскі – шырокая вуліца, хаты з вялікімі вокнамі, прасторныя падворкі.

Дарэчы, двухсотгадовы дом аднаго з Шукевічаў захаваўся і да сённяшняга дня. Пра высокую якасць будынка гаворыць той факт, што на рынку нерухомасці ён быў ацэнены ў 16 тысяч долараў ЗША.

Бясспрэчна, пан Паляскоўскі, як рэфарматар здолеў дабіцца павышэння якасці жыцця для жыхароў. Але ён, магчыма, і не здагадваўся, што ўслед за матэрыяльным дабрабытам зменяцца і духоўныя запыты людзей. Працавітыя сяляне, натхнёныя станоўчымі зменамі, пачалі цікавіцца і іншымі перадавымі ідэямі, найперш, вядома, адукацыяй дзяцей і моладзі. Пасля Пакроваў, калі пераставалі ганяць кароў на пашу, вясковыя хлапчукі, пачапіўшы праз плячо даматканыя торбачкі, спяшаліся ў Ракаў, хто ў царкоўнапрыходскую школку, хто –  рамесную.

Асабліва здольнымі былі Павел Шукевіч і Міхась Гірэйка. Гэтых юнакоў новы пан Паляскоўскі, нашчадак таго першага, угаварыў ехаць вучыцца ў Еўропу. Ды не на якіясьці задворкі, а ў Парыж. І што вы думаеце? Нездарма славуты пясняр Колас дзівіўся, што “куды не трапяць беларусы!”. Адзін з хлопцаў пажадаў стаць зубным тэхнікам, а другі, які меў музычныя схільнасці, асвойваў артыстычную спецыяльнасць і іграў на саксафоне ў джазавым ансамблі. Але вучобу яны так і не завяршылі – пачалася Першая сусветная вайна, навінаўцы рашылі прарывацца на радзіму, каб быць побач з роднымі, дапамагаць ім перажыць навалу.

Той запас ведаў, што хлопцы атрымалі ў Парыжы, згадзіўся і ў Навінах. Міхаіл Гірэйка вырабляў з золата і медзі пярсцёнкі для маладажонаў, ставіў металічныя каронкі на зубы, а Павел Шукевіч іграў з музыкамі-самавучкамі на вяселлях. Дарэчы, той ансамбль у складзе скрыпача, саксафаніста, гарманіста і ўдарніка быў самым папулярным у  акрузе…

Чвэрць стагоддзя жыхары вёскі Навіны займаліся тым, што добра ведалі і ўмелі – земляробствам і жывёлагадоўляй, працавалі паляводамі, даяркамі, механізатарамі. А іх дзеці ўжо марылі пра іншы лёс, ім хацелася паглядзець свет, жыць у горадзе… Непрыкметна пачала слабець сялянская прывязанасць да зямлі. Вясковыя хлопцы і дзяўчаты пакідалі радавыя гнёзды. Ды і як было не паддацца спакусе? Да сталіцы – рукой падаць, Маладзечна і Валожын недалёка. Маладыя навінчане рэалізавалі сябе ў самых розных сферах дзейнасці. В. У. Гірэйка стаў вучоным-матэматыкам, У. У. Капусцін – акадэмікам Акадэміі навук краіны, а ўраджэнца хутара Бесава Балота Анатоля Пятровіча Інфаровіча валожынцы і сёння памятаюць, як выдатнага хірурга.

У верасні 1944 года быў утвораны Радашковіцкі раён Маладзечанскай вобласці, які праіснаваў да студзеня 1965 года. Да гэтай адміністрацыйнай акругі належала  і вёска Навіны.



Добавить комментарий