Ля гэтай сядзібы ў вёсцы часта спыняюцца цікаўныя падарожнікі. Незвычайныя кампазіцыі ўстаноўлены ў двары. Некаторыя знайшлі месца нават на даху гаспадарчых будынкаў. Майстар-металіст умее ў друзе старых рэчаў знайсці патрэбныя дэталі, каб потым сканструяваць задуманы вобраз. У ход ідзе ўсё: бак ад матацыкла, рулявыя цягі аўтамабіля, тармазны шланг, старая бытавая помпа «Раднічок» і многае іншае.
Працуе гаспадар ахоўнікам на прадпрыемстве ў Шараях. Калі выдаецца вольная хвіліна, з задавальненнем працуе ў сваёй творчай майстэрні. Работ сабралася столькі, што ўжо можна ладзіць персанальную выставу.