Таленавіты настаўнік і заўзяты хлебароб

Аграрный сектор и промышленность

Старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Мікалай БАШКО на мінулым тыдні наведаў Валожынскі раён з прыемнай місіяй – падтрымаць і ўручыць падарунак (сертыфікат на 150 рублёў) настаўніку фізічнай культуры СШ № 2 г. Валожына Сяргею ШАЎЛЮКУ, які ўжо трыццаць трэці раз прымае ўдзел ва ўборачнай кампаніі.
Кожны год падчас працоўнага адпачынку Сяргей Міхайлавіч садзіцца за штурвал камбайна і шчыруе на палетках ААТ “Лоск”. Галіновы прафсаюз узнагароджвае яго не ўпершыню.
У школе настаўніка любяць дзеці і паважаюць бацькі. Ён – сапраўдны прафесіянал. Падчас работы на сельгаспрадпрыемстве таксама бездакорна выконвае абавязкі. Ён сам рыхтуе тэхніку да ўборачнай кампаніі, таму ўпэўнены, што “Ліда” не падвядзе ў адказны час. Па стане на 19 жніўня камбайнер намалаціў больш за 750 тон зерня — зрабіў унушальны ўклад у каравай рэспублікі.
Сёлета ў вобласці на жніве працуе 61 прадстаўнік галіновага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. 10 – у якасці старшых камбайнераў. Іх агульны намалот складае каля 9 тыс. тон зерня — гэта дастаткова важкая лічба. Мінская абласная арганізацыя Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі вельмі ўдзячна людзям, што падставілі сваё плячо, аддаюць сілы і прафесіяналізм, каб дапамагчы дзяржаве ва ўборцы ўраджаю.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *