Пацеркі свекрыві

Культура

Так здарылася, што выйшла я замуж вельмі маладая, трапіла ў сям’ю з васьмі чалавек. Працавала ад цямна да цямна даяркай, а добрая, шчырая, памяркоўная свякроў Альбэрта Сільвестраўна дапамагала мне гадаваць дзетак. Ноччу яна першая ўставала да ўнукаў, якія часта хварэлі і былі вельмі неспакойныя. Яна калыхала іх і спявала свае любімыя вясковыя песні. Ды так прыгожа, меладычна, што заслухаешся! Дзеці тут жа засыналі. А потым, калі падраслі, ужо самі прасілі: “Бабуля, паспявай!” І яна пела, а голас дрыжэў ад нахлынуўшых эмоцый і перажыванняў. Маленькая здольная ўнучка Танечка так любіла бабулю Альбэрту, што, калі падрасла, ад яе не адыходзіла і разам з ёй пела. Сваіх унукаў свякроў называла пацеркамі, нявестак – ластаўкамі, а мы яе – мамкаю. Светлая табе памяць, любая наша!

ЗА БОР СОНЕЙКА, ЗА БОР КОЦІЦЦА
За бор сонейка, за бор коціцца,
Мне й да мамачкі ў госці хочацца.
За бор сонейка закацілася,
Я й да мамачкі прыкацілася.
– Чым мяне, мамка, сустракаць будзеш,
Чым мяне, мамка, частаваць будзеш?
Сустракаць будзе за новым сталом,
Частаваць будзе мёдам і віном.
Частаваць будзе і пытаць будзе:
– Як табе, дзіця, за мужнім сталом?
– У канцы століка настаялася,
Горкіх слёзачак наглыталася,
Вядзерцам вады нанасілася,
У Бога смертачкі напрасілася…
Лепей, мамачка, рэдзька з палыном,
Як мне маладой за мужнім сталом.

Софія СЦЯПКО, вёска Сівіца.



Добавить комментарий