Вучацца… дапамагаць

Общество

На базе адпачынку “Галактыка” адбыліся заняткі “Школы маладога лідара”. Мерапрыемства праводзілася Мінскай абласной арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках міжнароднага праекта “Пашырэнне ўдзелу грамадскасці ў прыняцці рашэнняў па пытаннях сацыяльнай інтэграцыі ў Беларусі”. Праект скіраваны на аказанне дапамогі людзям, што трапілі ў складаныя жыццёвыя абставіны і на падтрымку бацькоў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Рэалізуецца ён у Гродзенскай вобласці і чатырох раёнах Мінскай.

Тры дні арганізатары і 42 валанцёры праходзілі навучанне па розных кірунках дзейнасці грамадскай арганізацыі, абменьваліся вопытам. У першы дзень адбылося знаёмства. Затым удзельнікі, падзяліўшыся на групы, прайшлі майстар-клас па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі. Другі дзень быў прысвечаны аказанню першай дапамогі (медыцынскай, сацыяльна-псіхалагічнай). Набыткамі валанцёрскага руху падзяліліся прадстаўнікі Чырвонага Крыжа з Даніі (дабрачынная арганізацыя гэтай краіны – спонсар праекта). Праведзены таксама семінар па супрацьдзеянні гандлю людзьмі. У трэці дзень разглядалася такое важнае для развіцця Чырвонага Крыжа пытанне, як эмацыянальнае выгаранне валанцёраў. Прысутныя прынялі ўдзел і ў каманднай гульні “Мазгабойня”. Завяршылася сустрэча ўручэннем сертыфікатаў і падарункаў самым актыўным удзельнікам.
Валожыншчыну на маштабным мерапрыемстве прадставілі намеснік кіраўніка раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, былы кіраўнік валанцёрскага атрада “Прымула” Дорскай СШ Таццяна Кулік-Панарад, валанцёры выпускнік Дорскай СШ Артур Харлінскі, педагог сацыяльны гімназіі Вольга Пратасевіч, педагог сацыяльны ліцэя Павел Апановіч, педагог дадатковай адукацыі ЦТДіМ Карына Жылевіч.
Т. В. Кулік-Панарад – член Мінскага абласнога савета таварыства, таму з’яўлялася адным з арганізатараў. У яе абавязкі ўваходзіла псіхалагічная падтрымка ўдзельнікаў, правядзенне гульняў на знаёмства, распрацоўка макетаў сертыфікатаў і бэджаў. Як зазначыла Таццяна Віктараўна, толькі двое з нашых валанцёраў – Артур і Павел – маюць вопыт супрацоўніцтва з Чырвоным Крыжам, іншыя стаяць у пачатку свайго дабрачыннага шляху. Тым не менш, самі валанцёры адзначылі: матывацыя ёсць, пачатковыя веды – таксама, можна і неабходна працаваць. Тым больш, што арганізацыя карыстаецца даверам у жыхароў раёна, таму і вопытныя актывісты, і навічкі пастараюцца яе прэстыж толькі павышаць.
Літаральна адразу за абласным мерапрыемствам на той жа базе праведзены заняткі “Школы маладога лідара” рэспубліканскага ўзроўню.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *