Евгения Риндевича из деревни Саковщина называют летчиком

Люди и судьбы

Яўген Мечыслававіч чалавек сціплы. Ён не меркантыльны па характары. Абыходзіцца мінімумам жыццёвых патрэб і выгод. Аналагічнае ў яго і сямейнае асяроддзе. І тым не менш Я. М. Рындзевічу з Сакаўшчыны, вобразна кажучы, усё ж не хапае месца на прасторнай зямлі. Найбольш камфортна ён адчувае сябе толькі ў небе. Прычым, робіць гэта не ў марах-летуценнях, а ў рэальнасці.

А пачалося ўсё ў далёкай маладосці. Былы выпускнік тагачаснай Захажэўскай школы Яўген Рындзевіч, як і многія юнакі  пакалення 80-х, марыў выбраць самую рамантычную прафесію – стаць лётчыкам. Але па стану здароўя (у Яўгена быў аслаблены зрок) з неадольным жаданнем звязаць сваё жыццё з авіяцыяй прыйшлося, на жаль, назаўсёды развітацца. Аднак лёс усё ж  быў літасцівы да гэтага няўрымслівага юнака. Давялося служыць у Сызрані, дзе размяшчалася вядомае ў былым Савецкім Саюзе  вучылішча авіяцыі.

Адпаведнае асяроддзе, «крылатая» тэхніка, афіцэры пры пагонах і іх рамантычныя расказы пра магічную неба сінь, нібы жывы ветрык слабы касцёр, зноў распалілі-растрывожылі яго юнацкую мару. Служыў радавым. За армейскі перыяд яму аж 16 разоў удалося скокнуць з парашутам з самалёта. Зведаў эмоцыі, якія не перадаць! Два гады праляцелі хутка. Сумна было  назаўсёды развітвацца з армейскім жыццём. Бо ведаў, што па авіяцыі будзе сумаваць яго сэрца. Так і сталася.

– Ці памятаеце  Вы свой першы палёт?

– Такое немагчыма забыць!  Падабраў момант, калі нікога не было дома і пачаў збірацца ў сваю першую паветраную вандроўку. Спецыяльна рабіў гэта без лішніх сведак. Думаў, а раптам нічога не атрымаецца, сорамна тады будзе. Перад  дэбютным стартам  амаль год самастойна трэніраваўся за ваколіцай. Мясцовыя жыхары глядзелі на мяне, як на нейкага дзівака ці, можа, як на лайдака. Першы раз узняўся над зямлёй прыкладна на 50 метраў. Прызнаюся шчыра: было    страшнавата, але адначасова і радасна, што знаходжуся высока. На веласіпедзе ж  катацца не страшна, таму і не катаюся. А тут зведваеш такі кайф! Неба ёсць неба! Ды і дзень выдаўся як па заказу:  стаяла бязветраная залатая восень…

– Дык без ветру ж, відаць, немагчыма займацца планерызмам?

– Наадварот, мой параплан  прыводзіцца ў рух з дапамогай матора, які працуе на бензіне. Жартам я сябе называю казачнікам Карлсанам, бо матор у мяне  знаходзіцца за спінай. У спакойнае надвор’е ўзляцець  мне значна лягчэй.

– Колькі Вы звычайна знаходзіцеся ў паветры?

–  Прыкладна  каля гадзіны. Гэта аптымальны тэрмін. Хутка стамляюцца рукі, бо яны ўвесь час узняты ўверх, палётам жа трэба  ўмела кіраваць…

– Яўген Мечыслававіч,  куды ж Вы звычайна адпраўляецеся ў паветраную вандроўку?

–  Звычайна кружу над вёскай. Але рызыкнуў адправіцца і на больш далёкія адлегласці – на кіламетраў 20-25 ад дому. Лятаў у Сугвазды, Вішнева, Доры, паглядзеў з вышыні і на Валожын.

– Хочацца пацікавіцца,  колькі ж  важыць уся гэта  даволі грувасткая  канструкцыя?

– Прыкладна кілаграмаў пяцьдзесят.

– А працягласць Вашай, скажам так, узлётнай паласы колькі  складае?

– Яна вагаецца ад 10 да 50 метраў. У вышыню  ж максімальна ўзнімаюся на 350 метраў. Параплан па сваіх тэхнічных магчымасцях можа ўпраўляцца і з дапамогай ветру, тады  матор не патрэбен. Але для палёту абавязкова неабходны гарысты рэльеф мясцовасці. У свой час  я спецыяльна ездзіў ва Украіну. Калі вецер дзьме ў бок гары, то, сутыкаючыся з гарой, ён адхіляецца,  у такім моцным патоку паветра можна лёгка ўзняцца ў неба. Тады я пакарыў  200- метровую вышыню.

Вецер вандраванняў закінуў мяне і ў Крым. Многія  заўзятыя аматары аэраспорту імкнуцца пабываць на знакамітай гары Кліменція. Мне ў гэтым плане пашанцавала. Узяў вышыню ў кіламетр. Уражанні і перажыванні проста незабыўныя!

Ірына ПАШКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий