70 гадоў таму 22 чэрвеня 1941…

Культура

22 чэрвеня 1941 года для прыкрыцця Валожынскага раёна на захад ад Вішнева, пад Юрацішкамі, была размешчана 24-я Жалезная Самара-Ульянаўская, двойчы Чырванасцяжная стралковая дывізія. Трэці стралковы батальён маёра М. А. Сакалова гэтай дывізіі адразу ж уступіў у бой з паветраным дэсантам немцаў, скінутым у лясным масіве паблізу чыгуначнай станцыі Багданаў…

Пасля неаднаразовых налётаў авіяцыі на райцэнтр да канца дня 25 чэрвеня гітлераўцы ўвайшлі ў агорнуты пажарамі Валожын. 26 чэрвеня праціўнік захапіў Ракаў.

За сваю амаль шасцісотгадовую гісторыю Валожыншчына бачыла шмат заваёўнікаў і прыгнятальнікаў, але па зверству, жорсткасці і садызму ў адносінах да мірнага насельніцтва гітлераўцы перасягнулі іх усіх разам узятых.

Івянецка-Налібоцкая партызанская зона ўключала тэрыторыі Івянецкага і часткі сумежных з імі Валожынскага, Дзяржынскага, Заслаўскага, Мінскага, Мірскага, Радашковіцкага, Стаўбцоўскага раёнаў. Цэнтрам зоны была Налібоцкая пушча, адкуль вясной і летам 1942 года пачалася ліквідацыя гарнізонаў ворага ў вёсках Волма і Налібакі. З жніўня 1942 да красавіка 1943 года кіраўніцтва партызанскай зонай ажыццяўляла камандаванне Асобага злучэння партызанскіх атрадаў (камандзір В. В. Шчарбіна). Да восені 1943 года тэрыторыя зоны складала 2,5 тысячы квадратных кіламетраў, яе ўтрымлівалі 9 тысяч партызан з пяці партызанскіх брыгад і тры асобныя атрады Івянецкага партызанскага злучэння і частка сіл Стаўбцоўскага партызанскага злучэння. Насельніцтва зоны аказвала партызанам усямерную дапамогу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Руіны былога партызанскага атрада знайшлі адразу пасля вайны ў Налібоцкай пушчы на тэрыторыі Валожынскага раёна непадалёк вёскі Яцкава. Яны былі па магчымасці адноўлены, і мы ўсе іх ведаем пад назвай Курыныя Грады.

Галіна СЕНЧАНКА,

навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея.

 



Добавить комментарий