Мэта сустрэч – максімальная адкрытасць і праўдзівасць

Официально


Старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч цэніць выключна празрыстае стаўленне ўдзельнікаў рэгулярных дыялогаў паміж насельніцтвам і ўладай да сутнасці праблем. Кіраўнік раённай вертыкалі чарговы раз нагадаў пра гэта падчас гутаркі з жыхарамі мікрараёна Папоўка, якая адбылася ў сценах гімназіі №1 райцэнтра. «Там, дзе ёсць фінансавая ці іншая магчымасць выправіць сітуацыю, зробім гэта абавязкова. Дзе не – прашу не крыўдзіцца і аднесціся з разуменнем», – з такім зваротам Яўген Міхайлавіч запрасіў наведвальнікаў да грунтоўнай размовы.

І з пытаннямі людзі не замарудзілі. Адных цікавіла, ці ёсць магчымасць за бюджэтныя сродкі ачысціць гарадское возера ад водарасцей і наогул навесці парадак у скверы, каб можна было бавіць час з дзецьмі. Старшыня райвыканкама падзяліўся пэўнымі перспектывамі наконт будучыні гэтага адметнага кутка нашай малой радзімы (адзін з прыватных прадпрымальнікаў плануе тут адкрыць дзіцячае кафэ і гандлёвы пункт). Што да чысткі вадаёма, то фінансавання на гэтыя мэты няма. Але ж можна зрабіць усё і ўласнымі сіламі, напрыклад, наладзіць суботнік!
Іншыя запыталі, калі пройдзе падвод гарачай вады ў дамах па вуліцы Міру. Яўген Міхайлавіч прывёў неабходныя лічбы і паведаміў: калі сёлета ўдасцца зрабіць праект, то работы працягнуцца ў наступным годзе.

Таксама цікавіліся людзі магчымасцю наладзіць ліўнёўку каля дома № 6 па вуліцы Гагарына і ўстанавіць люстэркавыя сферы для паляпшэння бачнасці транспартнага патоку ля праблемных выездаў з вёсак на рэканструяваную трасу М6, пракладвання новага асфальту каля дзіцячай школы мастацтваў і асфальтавання дарожкі да СШ № 2 г. Валожына. Гэтыя праблемы, запэўніў кіраўнік раёна, будуць вырашацца пасля выезду на месцы спецыялістаў адпаведных службаў і ўдакладнення аб’ёму работ. Паступілі нараканні на якасць работы камунальных службаў па ўборцы пад’ездаў у адным з дамоў па вуліцы Гагарына, просьба дапамагчы з ачысткай русла ракі ў Брыльках каля праточных труб. Гаварылася і пра пажаданую рэканструкцыю моста, які злучае мікрараён Папоўку з цэнтральнай часткай горада. «Найперш трэба праверыць, ці можа канструкцыя яшчэ вытрымліваць нагрузкі і якія, – зазначыў Яўген Міхайлавіч. – Пакуль давайце спынімся на правядзенні спецыяльных выпрабаванняў, а затым вырашым, як паступаць далей».

Скардзіліся наведвальнікі і на набалелую, даўнюю праблему з бадзяжнымі жывёламі. Як заявіў кіраўнік Валожыншчыны, у нас пакуль няма ліцэнзаваных і адукаваных спецыялістаў, але разам з жылкамунгасам гэта пытанне ўжо выпрацоўваецца.

У рамках сустрэчы з насельніцтвам старшыня райвыканкама агучыў, што ў мэтах развіцця горада плануецца будаўніцтва 6 шмакватэрных дамоў. Іх засяленне будзе весціся на агульных падставах і ў роўных умовах для ўсіх, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Атрымалі людзі адказы і на іншыя пытанні. Многія супярэчнасці будуць выпраўлены ў бліжэйшы час.



Добавить комментарий