Рэгіянальныя навіны

Общество Региональные новости


Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня” сёлетнім летам адзначаў сваё 50-годдзе. У гонар гэтай падзеі на юбілейную змену, якая праходзіла з 10 па 18 жніўня, былі запрошаны лепшыя школьнікі краіны.
Наш раён на гэтай змене годна прадставілі адзінаццацікласнік гімназіі № 1 г. Валожына Антон Віршыч, які з’яўляецца лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых і адораных вучняў і студэнтаў, і дзевяцікласніца Івянецкай сярэдняй школы Аліна Княжэвіч – прадстаўнік абласной дзіцячай Палаты ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя”.

На справаздачна-выбарным сходзе таварыства інвалідаў Мінскага раёна па запрашэнні старшыні Мінскай абласной арганізацыі Ганны Віктараўны Гарчаковай прысутнічаў старшыня Валожынскай раённай арганізацыі В. А. Субач.
Падчас выступлення Віктар Альгердавіч падзяліўся вопытам работы і сваімі напрацоўкамі. Наша таварыства з’яўляецца адным з лепшых на Міншчыне, старшыня наладзіў кантакты з самымі рознымі дабрачыннымі арганізацыямі рэспублікі і за некалькі гадоў на гэтай пасадзе дапамог сотням людзей. У дадзены момант у арганізацыі ёсць інвалідныя каляскі, хадункі, мыліцы, біятуалеты, адзенне, якія могуць атрымаць тыя, каму яны сапраўды неабходны. Можна звяртацца да старшыні і з індывідуальнымі заяўкамі. З’явіцца магчымасць – іх абавязкова выканаюць.

Блогерам можа стаць кожны. Гэта пацвердзіць сям’я Нахай з Валожына. Вядуць блог вучаніца гімназіі Аляксандра, выхаванец старшай групы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці “Расінка” Яўген з дапамогай мамы Алены Юр’еўны. На рахунку “АлексДжэн” ужо чатыры паўнавартасныя ролікі, якія яны запусцілі на канале YouTube. Дарэчы, іх падпісчыкамі з’яўляюцца ўсе дашкольныя ўстановы раёна і школы.
Каля 300 праглядаў сабраў за некалькі дзён новы ролік “Пешаход”, прымеркаваны да рэспубліканскай акцыі “Увага – дзеці!”, якая заўсёды праводзіцца напярэдадні новага навучальнага года. Разам з Аляксандрай і яе братам мы прайшліся па Валожыне, дзе пераходзілі дарогі па “зебры”, пастаялі на святлафоры, пры гэтым у вершаванай форме расказвалася, як пераходзіць вуліцы правільна. І калі такія тлумачэнні роўны дае роўнаму, то дзеці лепш запамінаюць любыя правілы. У юных блогераў шмат планаў, яны мараць стварыць ролік пра чысціню ў нашым горадзе і іншыя.

Вясельны абрад па старадаўніх беларускіх традыцыях аднавілі ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры. За летнія месяцы дзве пары маладых пажадалі, каб іх сем’і пачыналі сваю гісторыю такім не зусім звычайным чынам. Адна пара – маладыя івянчане, другая – жыхары сталіцы з мясцовымі каранямі.
Прыязджаюць маладыя ў музей пасля ЗАГСа. Іх сустракаюць з хлебам-соллю. У майстэрні ткацтва выпрабаванні чакаюць маладую, а ў ганчарнай – маладога. Затым майстар-ганчар вырабляе гаршчок – першую сямейную пасудзіну, з адбіткамі іх рук, словамі-пажаданнямі. Маладажоны даведваюцца кранаючую легенду пра Наліба і Волму. На парэнчах, што вядуць у музей, яны вешаюць сімвалічны замок. Завяршаецца абрад фотасесіяй на рэштках сядзібы Драгунцавых, што на вуліцы Прамысловай.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *