Маладыя медыкі — даўнія сябры

Молодежный курьер


Вольга МАРАЧ і Максім ЧОРНЫ вучыліся ў гімназіі № 1 г. Валожына, затым тэрытарыяльна разышліся, але ў пэўным сэнсе зблізіліся яшчэ больш – паступілі ў медыцынскія ўніверсітэты, яна – у мінскі, ён – у віцебскі. Зараз у якасці маладых спецыялістаў удасканальваюцца ў прафесіі ў адным калектыве. Цэнтральная раённая бальніца стала іх першым працоўным месцам. Менавіта ў яе аддзяленнях урач анестэзіёлаг-рэаніматолаг Вольга Уладзіміраўна і ўрач хуткай дапамогі Максім Аляксандравіч будуць набываць вопыт.

Цікава, што ў сем’ях юнака і дзяўчыны медыкаў няма. Рашэнне далучыцца да складанай і разам з тым паважанай прафесіі выспела пад уздзеяннем аўтарытэту і глыбокіх ведаў настаўнікаў біялогіі і хіміі Наталлі Кандэр і Наталлі Пракопчык. Размнажэнне клетак, сінтэз бялку, асновы генетыкі — усё гэта захапляла і вабіла паглыбіцца яшчэ больш у неверагодны свет навук пра жыццё. Здавалася б, можна было вывучыцца на біёлагаў ці хімікаў, але класе ў дзявятым абодва адчулі, што хочацца займацца чымсьці прыкладным, працаваць з людзьмі, дапамагаць ім.

І Вольга, і Максім – людзі ўдумлівыя, умеюць кантраляваць эмоцыі, цярплівыя і мэтанакіраваныя. Вучоба ў адной з самых складаных ВНУ адразу падалася цяжкай. “Першы курс – проста “жэсць”, сапраўдны час выпрабаванняў”, – сцвярджаюць яны. Ці быў адчай? Ці хацелася ўсё кінуць і падацца туды, дзе лягчэй? “Зразумела, такое жаданне ўзнікала, і не аднойчы”, – амаль у адзін голас з долей самаіроніі пацвердзілі цяпер ужо дыпламаваныя спецыялісты. Успамінаюць, што толькі на трэцім курсе прыйшло ўсведамленне: выбар зроблены правільна, мяняць нічога не трэба. Калі сетку заняткаў амаль поўнасцю запоўнілі спецыяльныя дысцыпліны, вучыцца стала па-сапраўднаму цікава.

«Баявое хрышчэнне» пакінула ўражанні на ўсё жыццё. Першыя роды, на якіх давялося прысутнічаць, і першы ўкол, што зрабілі самастойна… Пасля былі і больш цяжкія выпадкі, ды і зараз штодня даводзіцца мабілізоўваць сілы і набытыя за доўгія гады вучобы веды, каб не разгубіцца, зрабіць усё правільна.

У іх адныя з самых складаных медыцынскіх спецыяльнасцей. Анестэзія – заўсёды рызыка, хоць разлік наркозу і робіцца па спецыяльных формулах, рэанімацыя – гэта ўвогуле пытанні жыцця і смерці. А той, хто імчыць на машыне хуткай дапамогі, ніколі не можа прадбачыць дакладна, што яго чакае там – на месцы дарожнага здарэння, пажару ці побач з чалавекам, з якім здарыўся інфаркт…

Поспеху вам, маладыя валожынскія медыкі! Няхай ваша асабістая ўдача стане ўдачай для кожнага, каму, згодна з прынесенай урачэбнай клятвай, давядзецца аказваць медыцынскую дапамогу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *