Вышыванкі — праз жыццё

Культура

Кожны раз не перастаеш здзіўляцца, якія таленавітыя, працалюбівыя і сціплыя людзі жывуць на нашай зямлі. У жыхаркі вёскі Дубіна Галіны Мікалаеўны АРЦЮКЕВІЧ дагледжаны двор прыцягвае ўвагу буйствам фарбаў. Гасцінная гаспадыня запрашае ў хату – і падаецца, што ты трапіў у музей народнай творчасці.

На падлозе і пры ўваходзе ў хату лапікавыя дарожкі. Усе ложкі, канапа засланыя саматканымі посцілкамі. Прыгожа складзеныя адна на адну падушкі накрыты вышыванымі накідкамі. На кутах іконы прыбраны ручнікамі незвычайнай прыгажосці. Вязаныя шыдэлкам сурвэткі, вышываныя карціны, пано, вырабы з паперы ствараюць цёплую, утульную, светлую атмасферу. Тут жадаеш пабыць падолей, тым больш, што Галіна Мікалаеўна – цікавы суразмоўца.

Нарадзілася і вырасла наша гераіня ў Дубіне. Творчасцю была апантана яшчэ з дзяцінства. Яе маці славілася ў наваколлі выдатнай рукадзельніцай, нават дываны вышывала. Гледзячы на гэта, і малой Галі хацелася зрабіць нешта прыгожае сваімі рукамі. Першую работу добра памятае: па трафарэце яна вышыла марачку і марака. Сямігадовая дзяўчынка вельмі ганарылася вынікам карпатлівай працы. З таго часу з іголкай, а пасля і шыдэлкам Галіна Мікалаеўна ўжо не расставалася.

Лёс не песціў Галіну, з маленства прыходзілася шмат працаваць, каб дапамагчы матулі. З сямі гадоў пасвіла за капейкі чужых, а заадно і ўласных кароў. У поле брала ніткі, спецыяльны чаўнок і ткала паясы, некаторыя з іх захоўваюцца да гэтай пары. Шарсцяныя яркія посцілкі, якімі засланы ложкі, і дарожкі таксама засталіся з тых далёкіх гадоў…

Замуж выйшла рана. Спадарожніка жыцця знайшла ў сваёй вёсцы. У сям’і нарадзіліся два хлопчыкі. А ў 48 гадоў стала ўдавой… Працавала лабарантам, загадчыцай фермы, а апошнія 15 гадоў – слесарам па газе. Адвучылася ў Мінску 3 месяцы і занялася дастаўкай і ўстаноўкай балонаў на тэрыторыі калгаса. Справа нялёгкая, больш мужчынская. Трэба было пагрузіць, разгрузіць, данесці да месца 50-кілаграмовыя балоны. Але здужала… У наваколлі лічылася добрым спецыялістам. Нават жыхары райцэнтра звярталіся да Галіны Мікалаеўны з просьбамі парамантаваць пліту ці іншае газавае абсталяванне.

І сёння Галіна Мікалаеўна не здраджвае захапленню, хоць вочы сталі не тыя. Навышывала вясельных ручнікоў усім траім унукам. Адзін з іх ужо скарыстаўся бабуліным падарункам. Нашай гераіні вельмі прыемна, што любоў да рукадзелля перадалася ўнучцы і праўнучцы.

Галіна Арцюкевіч імкнецца да прыгожага, любіць і ўмее працаваць. Таму і ў хаце, і на падворку ў яе поўны парадак. Новыя сарты кветак, кустоў купляе, заказвае па каталогу. Некаторыя сама прывезла з Калінінграда, калі ездзіла туды да сына. Хата пафарбавана ў жыццярадасныя яркія жоўты і зялёны колеры, а пасярэдзіне на сценах размясціліся пары белых галубкоў.

Сыны, нявесткі, унукі і праўнучка з задавальненнем наведваюцца ў Дубіну, ім цёпла і ўтульна побач з цудоўным, добразычлівым і сардэчным блізкім чалавекам.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *