Партфелі збіралі разам

Общество


Акцыя з такой назвай прайшла на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі. Райкам ГА “БРСМ”, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённая арганізацыя “Саюз жанчын” запрасілі на сустрэчу сямнаццаць дзяцей школьнага ўзросту (з першага па чацвёрты класы) з бацькамі. Сярод гасцей былі прадстаўнікі шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, сем’яў, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, і іншых катэгорый, якім патрабуецца сацыяльная падтрымка.

Дырэктар ТЦСАН, кіраўнік грамадскай арганізацыі Галіна Рай павіншавала матуль, хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячым Днём ведаў. З вітальным словам да прысутных звярнуўся і першы сакратар маладзёжнай арганізацыі Уладзімір Ціханоўскі. Кожны школьнік атрымаў у падарунак партфель, а некаторыя яшчэ і канцылярскія тавары. Асаблівая ўвага ўдзялася галоўным героям урачыстасці – першакласнікам, якім у гэты дзень асабліва актыўна жадалі ўдачы, добрага настрою і выдатных адзнак.
Большасць удзельнікаў склалі матулі, аднак завіталі і два таты. Дзмітрый Вашкевіч, напрыклад, суправаджаў дачку Ангеліну. Мужчына зазначыў, што атрыманы падарунак для іх сям’і – выдатная падтрымка. Словы ўдзячнасці прагучалі і ад матулі Уладзіслава Валчка – Анастасіі.
Завяршылася сустрэча пачастункам – для юных удзельнікаў супрацоўнікі аддзяленняў ТЦСАН наладзілі салодкі стол.



Добавить комментарий