Армейская выпраўка — у павазе

Закон и порядок


У верасні на палігоне ў Ніжагародскай вобласці адбудзецца сумеснае аператыўнае вучэнне Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі “Шчыт Саюза — 2019”. Яно стане завяршальным этапам двухгадовага цыкла і будзе мець планавы характар. Сярод тых, каму ў ходзе вучэння давядзецца прадэманстраваць ратнае майстэрства, будзе і наш зямляк – начальнік радыёстанцыі Р-140 МБ 86-й брыгады сувязі, старшы сяржант кантрактнай службы Сяргей КРАСКОЎСКІ. Нарадзіўся хлопец у вёсцы Вішнева. Да службы ў арміі паспеў скончыць Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М. С. Высоцкага, яго першым месцам працы стаў Мінскі аўтамабільны завод.

Жыццё ў сталіцы пакрысе наладжвалася. Таму, калі Сяргею прыйшла павестка з’явіцца ў ваенкамат, ён спачатку нават расхваляваўся. Тады яшчэ не планаваў праз паўтара года застацца на ваеннай службе па кантракце.
Па словах маці Ірыны Станіславаўны, яна заўсёды ведала, што Сяргей, як сапраўдны мужчына, абавязкова асвоіць курс “армейскай навукі”. Але не думала, што выпраўляць сына ў войска будзе так нялёгка: турботы за яго жыццё, здароўе праліваліся няпрошанымі слязамі… Не, яна не сумнявалася, што родны яе хлопчык годна пройдзе гэты складаны этап жыцця, бо выхавала сына самастойным, адказным, справядлівым. Такі ні сябе, ні іншых у крыўду не дасць.
А праз пэўны час жанчына даведалася, што Сяргей вырашыў служыць у арміі і далей, на кантрактнай аснове. Выбар сына Ірына Станіславаўна падтрымала: хлопец яго зрабіў свядома, прайшоўшы добрую падрыхтоўку падчас тэрміновай службы.
– У нашым родзе прафесіянальных вайскоўцаў не было, я – першы. Памятаю, што стаць ваенным хацеў яшчэ ў маленстве, хоць і не меў канкрэтнага прыкладу перад вачамі, – гаворыць Сяргей Краскоўскі. – Шчыра кажучы, да службы я меў пра армію даволі цьмянае ўяўленне. Першым выпрабаваннем стаў строгі армейскі рэжым. Прывыкаць да новага распарадку дня і мне, і іншым хлопцам прыйшлося не без напругі. А вось ваенная тэхніка ўразіла адразу, хутка і сяброўскія адносіны з саслужыўцамі завязаліся. Тут я і зразумеў, што мне падабаецца ваенны ўклад. Самай яркай падзеяй стала вучэнне «Захад-2018». Пасля яго з’явілася жаданне перайсці на кантрактную службу. У ёй ёсць шэраг пераваг: стабільнасць, своечасовая выплата грашовага забеспячэння.
Пра свае абавязкі сяржант Краскоўскі гатоў расказваць бясконца. Пры гэтым абавязкова адзначае, што радыёстанцыя Р-140 МБ дазваляе больш якасна наладжваць і забяспечваць радыёсувязь. Яна вельмі надзейная.
– Перш за ўсё, армія навучыла мяне абдумваць кожны крок, бо ад гэтага залежыць вынiк. Шанаваць час, правільна ім распараджацца, – прызнаўся наш малады зямляк. – Плануецца, што брыгада будзе выконваць розныя задачы ў ходзе вучэння на расійскім палігоне. Чакаю гэтага часу. Мабыць, толькі цяпер я добра разумею фразу з фільма «Афіцэры», які так любіў у дзяцінстве: «Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць».
Аляксей ЛЕБЕДЗЕЎ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *