Рэгіянальныя навіны

Региональные новости


Аддзел грамадскага харчавання райспажыўтаварыства таксама мае дачыненне да гарачай уборачнай пары. Повары грамхарчу кормяць механізатараў і іншых працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў. Безумоўна, лічбы гэтыя не такія ўнушальныя, як было некалі, але, між тым, ёсць калектывы, якія задавольвае і якасць прыгатаваных страў, і разнастайнае меню, і яны не адмаўляюцца ад паслуг кааператараў.

Не толькі падчас уборкі ўраджаю, але і на працягу ўсяго комплексу вясенне-асенніх палявых работ грамхарч забяспечвае гарачым харчаваннем працаўнікоў СГУ “Бабровічы” УП “Мінскаблгаз” і ААТ “Валожынскі льнокамбінат”. Работнікі сталовай у райцэнтры гатуюць абеды для льнокамбіната, а кафэ “ХХI стагоддзе” – для СГУ “Бабровічы”. У сярэднім выходзіць да сарака (плюс-мінус) абедаў. Таксама штодзённа гатуюць на 80-86 чалавек для працаўнікоў комплексу па вырошчванні свіней “Данпрод”. Цікава было даведацца, што ў меню данпродаўцаў уваходзяць стравы з птушкі, ялавічыны, рыбы. Свініна цалкам выключаецца.

На святкаванні 500-годдзя горада Івацэвічы на Брэстчыне адбылася прэзентацыя кнігі пра нашага земляка мастака Ф. Рушчыца “Фердынанд Рушчыц – грамадзянін Незалежнай”. Святкаванні праходзілі тры дні, і адным з партнёраў свята было Пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, якое ініцыявала прэзентацыю кніжнай навінкі.

Прэзентацыя выдання праходзіла на спецыяльнай кніжнай пляцоўцы 23 жніўня. У ёй прымалі ўдзел супрацоўніца Валожынскай раённай бібліятэкі Анастасія Пахолка і старшыня раённай арганізацыі “Польска Мацеж Школьна” Ала Макарэвіч, якая забяспечыла выставу работ пераможцаў дзіцячага мастацкага пленэру “Зямля і неба Фердынанда”, што праходзіць у нашым раёне. На выставе былі прадстаўлены 20 лепшых работ апошніх гадоў.

На Onliner гэтымі днямі можна прачытаць матэрыял пра нашу зямлячку, жыхарку вёскі Лістапады Гародзькаўскага сельсавета Марыю Вікенцьеўну Канановіч, якая ў маі адсвяткавала сваё 115-годдзе.

На сённяшні дзень Марыя Вікенцьеўна з’яўляецца старэйшай жыхаркай Беларусі. Яна пражыла доўгае жыццё, захавала добрую памяць. Жыве адна, побач суседка, з якой сябруе 60 гадоў, дапамагае сацыяльны работнік. Жанчына перажыла мужа і дваіх сыноў, апошняга пахавала сем гадоў таму, і нават сваіх урачоў. Як гаворыць сама, “усе мае дактары ўжо памерлі…”. Доўгажыхарка не хоча назаляць родным і таму жыве адна, не жадае нікуды пераязджаць…

Па ініцыятыве кіраўніка гуртка “Майстар сцэны” В. К. Відзевіч у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва 22 жніўня адбылася сустрэча з членам Саюза пісьменнікаў Беларусі жыхаркай райцэнтра М. А. Шакун. Інфармацыйнае мерапрыемства называлася “Край мой – гонар мой”.

Марыя Антонаўна расказала выхаванцам пра тое, як пачынала ствараць вершаваныя радкі, пра родную вёску. Яна чытала вершы пра вайну, настаўнікаў, наш горад. Завяршылася сустрэча сумесным чаяпіццем.

У выставачным пакоі “Родам з СССР”, што размешчаны ў будынку народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца”, у гэтыя дні працуе выстава “Паштоўка пакажа, паштоўка раскажа”.

Жыхарка райцэнтра, былая настаўніца матэматыкі СШ № 1 Алена Ігнатаўна Татур перадала 470 паштовак з асабістай калекцыі. Паштоўкі раскладзены па раздзелах: Дзень Перамогі, 23 лютага, 8 Сакавіка, Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, 1 Мая.

Лідарам па колькасці гледачоў за летні перыяд стаў фільм амерыканскіх кінематаграфістаў “Фарсаж: Хоббс і Шоу”. У Валожыне ён дэманстраваўся ў рамках Сусветнай прэм’еры.

На працягу трох тыдняў у кінатэатры “Юнацтва” адбыліся 26 сеансаў, на якіх пабывалі 365 гледачоў. Выручка ад прададзеных білетаў склала 2 тысячы 7 рублёў.
У верасні ў кінатэатры можна будзе паглядзець прэм’ерныя стужкі расійскіх кінематаграфістаў “Герой-2” і “Цяжкасці выжывання”.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *