Каларытны «Гліняны звон» пракаціўся па Івянеччыне

Год малой Родины Культура


IX абласное свята-конкурс майстроў ганчарства “Гліняны звон” прайшло ў мінулую суботу ў Івянцы. 62 прадстаўнікі Вілейскага, Барысаўскага, Клецкага, Лагойскага, Мінскага, Дзяржынскага, Слуцкага, Салігорскага і, канешне ж, Валожынскага раёнаў скарысталіся магчымасцю паказаць сваё майстэрства ў стварэнні вырабаў з гліны.

Кожны раён прадставіў выставы, якія адлюстроўвалі ўвесь спектр дзейнасці майстроў-рамеснікаў, дзіцячых калектываў, студый, аб’яднанняў, школ мастацтваў, што працуюць на іх тэрыторыі. Тут можна было ўбачыць вялікую колькасць прыгожых эксклюзіўных ганчарных вырабаў, у тым ліку посуд, разнастайныя сувеніры, цацкі. Адным словам, было на што паглядзець і пры жаданні набыць.

Асабліва прыемна, што свята-конкурс сабрала сваіх удзельнікаў менавіта ў Івянцы, які здаўна лічыцца старажытным ганчарным цэнтрам Міншчыны. Хлебам-соллю гасцінна прывячалі гаспадары каманду кожнага раёна падчас агульнага пастраення. З прывітальным словам да гасцей Валожынскай зямлі звярнуўся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч.

Перад пачаткам спаборніцтваў майстрам шматвекавога мастацтва гліны і агню было прадстаўлена кампетэнтнае журы, узначаліў якое старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, прафесар, доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута. Таксама ў яго ўвайшлі загадчык аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольга Хачкова, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Алег Раманоўскі.

Яўген Міхайлавіч выказаў падзяку кіраўніцтву раёна за разуменне ўнікальнасці і каштоўнасці такога своеасаблівага брэнда Валожыншчыны. Дзякуючы гэтаму, конкурс становіцца адным з самых маштабных ганчарных свят. Радуе, што падчас яго назіраецца пераемнасць пакаленняў. Прыязджае шмат вядомых, вопытных майстроў, многія прывозяць дзяцей. Дэбютанты ніколі не застаюцца незаўважанымі. Кожны ўдзельнік выбірае намінацыю па сваіх здольнасцях і магчымасцях.

І вось канкурсанты занялі рабочыя месцы і прыступілі да справы.

Удзельнікі паказалі высокае майстэрства, журы давялося выбіраць лепшых сярод лепшых. Прыемна, што дванаццаць дыпломаў пераможцаў у васьмі намінацыях з дзесяці аказаліся ў прадстаўнікоў Валожыншчыны. Так дыпломы II і III ступеняў у намінацыі “За высокае прафесійнае майстэрства, мастацкі густ і асабісты ўклад у развіццё традыцый ганчарства атрымалі Мікалай Кузняцоў і Леанарда Капуста адпаведна. Усе прызавыя месцы ў намінацыі “За лепшы выраб глінянага посуду” дасталіся івянчанам: у Валерыя Лапы – дыплом I ступені, у Анатоля Высоцкага – II ступені, у Яўгенія Серафімовіча – III ступені. “За лепшы выраб дэкаратыўнай глінянай пластыкі дыплом I ступені прысуджаны Івянецкай дзіцячай школе мастацтваў імя К. І. Паплаўскага. Гуртку “Гліняны карагод” народнага аб’яднання народных майстроў “Скарбніца (кіраўнік – Валерый Калясінскі) дастаўся Дыплом II ступені ў намінацыі “За лепшую гліняную цацку”. “За непаўторны творчы почырк” дыплом I ступені атрымаў Вячаслаў Адамовіч і дыплом III ступені Уладзімір Сасноўскі. Івянецкі дом дзіцячай творчасці ўзнагароджаны дыпломам I ступені ў намінацыі “За лепшае кампазіцыйнае вырашэнне твора ў тэхніцы беларускай керамікі”. Дыплом I ступені атрымаў і Уладзімір Зялёнка ў намінацыі “За захаванне мастацкіх традыцый беларускай керамікі”. Такі ж дыплом у намінацыі “За хуткасць і якасць выканання гліняных вырабаў за адведзены прамежак часу” заваяваў Алег Капуста.

Сям’ю Скрыпка з Івянца журы адзначыла спецыяльным дыпломам “Лепшы сямейны калектыў”.

Гран-пры абласнога свята-конкурсу паехаў у Лагойскі раён, яго заваяваў Мікалай Стрэльчанка.

На працягу чатырох гадзін, пакуль майстры працавалі, гасцям не давалі сумаваць артысты розных жанраў. Распачаў канцэртную праграму ансамбль польскай песні “Івянчанка” Івянецкага гарпасялковага Дома культуры. Таксама выступілі ансамбль старадаўняй музыкі “Рарог” Івянецкай дзіцячай школы мастацтваў імя К. І. Паплаўскага, Аляксандр Сабалеўскі, народны хор народнай песні “Панямонь” Стаўбцоўскага раёна, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь фальклорны гурт “Гасцінец”, івянецкая рок-група “Сутокі” і інш.

Абласное свята прайшло на высокім узроўні. Напамінам пра яго застануцца конкурсныя работы. Мясцовыя майстры іх апаляць, давядуць да ладу і перададуць у Івянецкі музей традыцыйнай культуры. Удзельнікі ж будуць з нецярпеннем чакаць новай сустрэчы на гасціннай Валожынскай зямлі.
Анжэла РАДЫНА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *