Запрасіў сяброў “Ракаўскі фэст”

Год малой Родины Общество

У мінулыя выхадныя Ракаў чарговы, чацвёрты раз стаў цэнтрам правядзення фестывалю нацыянальных культур «Ракаўскі фэст». Здаўна тут цесна перапляталіся традыцыі розных народаў, якія на працягу многіх стагоддзяў мірна і плённа разам працавалі і адпачывалі. Не забываюць пра гэта і зараз. У рамках канцэртнай праграмы прайшлі выступленні 30 калектываў і артыстаў з Беларусі, Аўстрыі, Польшчы, Літвы, шырока была прадстаўлена і яўрэйская культура.

Галоўнымі арганізатарамі фестывалю выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Ракаўскі сельвыканкам, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, падтрымала свята і Пасольства Дзяржавы Ізраіль у Беларусі.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар ШАКУН з першым сакратаром Пасольства Дзяржавы Ізраіль Кацярынай Літвак і Паслом Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артурам Міхальскім удзельнічалі ў афіцыйным адкрыцці свята.

Паколькі мястэчка знаходзіцца недалёка ад сталіцы, не дзіва, што інтарэс да маштабнай культурнай праграмы праявілі мінчане, а таксама шматлікія госці з іншых гарадоў.

Захапіцца ж сапраўды было чым. На працягу дня маленькіх і дарослых наведвальнікаў чакалі забавы, кірмашы-выставы рамесніцкай прадукцыі. Не абміналі госці Ракава і пункты продажу вулічнай ежы: апетыт на свежым паветры разгульваўся не на жарт. Карысталіся папулярнасцю і разнастайныя выставы, прэзентацыі, дэгустацыі.

На літаратурным падворку, што размясціўся на тэрыторыі мясцовай школы мастацтваў, удзельнікі фэсту чыталі вершы беларускіх паэтаў, а ў самой школе працавала выстава, прысвечаная жыццю і творчасці знакамітага земляка-мастака Фердынанда Рушчыца. Прадаўжальнікі яго справы не замарудзілі і зладзілі ў рамках фестывалю мастацкі пленэр.

Шмат жадаючых скарысталіся магчымасцю прайсціся знакамітымі сцежкамі кантрабандыстаў у аднайменным квэсце, а разам з гэтым і пазнаёміліся са старажытным Ракавам і яго шыкоўнымі адметнасцямі.

 

Вядома ж, не пакінулі нікога з «халодным сэрцам» выступленні калектываў і артыстаў. Вялізны натоўп каля галоўнай сцэны з задавальненнем слухаў адмысловы біт віртуозных барабаншчыкаў, захапляўся народнымі беларускімі спевамі, яўрэйскай і літоўскай песеннай і танцавальнай творчасцю. Вядучая і ідэйная натхняльніца «Ракаўскага фэсту» ракаўчанка Юлія Мякінка зрабіла мноства прыемных сюрпрызаў землякам, запрасіўшы, да прыкладу, выступіць на канцэрце маленькую зорачку эстрады Марыю Ермакову, якая ўдзельнічае ў адборы на конкурс песні «Дзіцячае Еўрабачанне-2019», што сёлета пройдзе ў польскім горадзе Глівіце.

Або напрыканцы свята аддаўшы сцэну хэдлайнерам – гуртам “Лявон Вольскі” (Беларусь) і “Tekla Klebetnica” (Польшча)…

Ракаў быў бы не тым сусветна вядомым месцам, калі б у свой час яго не праславіў у сваім рамане «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» пісьменнік Сяргей Пясецкі.
Сёлета ракаўчане аддзячылі творцу, усталяваўшы на вялікім камені пры выездзе з мястэчка ў бок Мінска мемарыяльную дошку. Асаблівыя ўражанні ад яе атрымліваеш ноччу, калі нябесны коўш запальваецца ля тваіх ног…

Сяргей САДОЎСКІ. Фота аўтара і Вікенція АДАМОВІЧА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *