Што маем — не беражом…

Общество

У рамках маніторынгу дзейнасці прадпрыемстваў вывучана сітуацыя на РУП «Валожынскі жылкамунгас».

Страты тут за 4 месяцы перавышаюць 500 мільёнаў рублёў, мільярдная дэбіторская і крэдыторская запазычанасць.

Пры гэтым сярэднямесячны заробак работнікаў складае 957,5 тысячы рублёў – нядрэнна для невялікага райцэнтра. Але не ўсе работнікі імкнуцца захаваць і гэта. За 2010 год і мінулы перыяд 2011-га на РУП »Валожынскі жылкамунгас» звольнены за парушэнні працоўнай дысцыпліны 21 чалавек (у тым ліку  9 – за прагулы, 12 – за з’яўленне на працы ў нецвярозым стане). З такой дысцыплінай пра эфектыўную работу можна толькі марыць.

Адгэтуль і выяўленыя факты дрэннай арганізацыі працы прадпрыемства: фарбы на складзе захоўваюцца побач з хуткаўзгаральнымі матэрыяламі, кантэйнеры для арганізацыі паасобнага збору смецця таксама пыляцца на складзе, не знайшлося месца ў горадзе і дзіцячым арэлям.

А на кацельнай прадпрыемства работнікі не знайшлі ніякага іншага ўжывання для 300 літраў мазуту, акрамя як выліць яго прама ў яму на тэрыторыі. І ўсё гэта недалёка ад жылых дамоў.

Трэба сказаць, што ў Валожыне не так даўно была пабудавана новая станцыя абезжалезвання і людзі толькі адчулі смак чыстай вадаправоднай вады. Няўжо хутка ў горадзе прыйдзецца будаваць станцыю ачысткі падземных вод ад нафтапрадуктаў? Страшная перспектыва! Але з-за нядбайных кадраў яна можа апынуцца вельмі рэальнай…

Аднымі штрафамі сітуацыю не выправіць (начальнік кацельнай гаспадаркі РУП «Валожынскі жылкамунгас» прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці), і ўжо тым больш складана пакрыць страты, нанесеныя прыродзе… Можа трэба змяніць стаўленне да працы і дадаць хоць трохі адказнасці за даручаную справу і будучыню нашых дзяцей?..

Камітэт дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці.

 



Добавить комментарий