Добрага падарожжа па краіне ведаў!

Общество

Навучэнцаў, іх бацькоў, педагагічны калектыў гімназіі №1 райцэнтра сёння асабіста павіншаваў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч Маркевіч.

Ва ўсіх установах адукацыі раёна прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя першаму дню новага навучальнага года. Сёлета на Валожыншчыне школы і педагагічныя комплексы прынялі 3439 навучэнцаў. Дашкольныя ўстановы адукацыі будуць наведваць 1250 дзетак. А таемны і дзівосны свет ведаў пад кіраўніцтвам мудрых і вопытных настаўнікаў адкрывае для сябе 361 першакласнік.
У бягучым навучальным годзе павіншаваць вучнёўства і настаўнікаў традыцыйна прыехалі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі розных службаў і ведамстваў. А ў гімназію № 1 райцэнтра завітаў намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Станіслававіч МАРКЕВІЧ. Выступаючы перад педагогамі, вучнямі і бацькамі на ўрачыстай лінейцы, ён адзначыў, што веды заўжды даюць мэту, робяць чалавека моцным, мудрым і вялікім. Іван Станіслававіч заклікаў настаўнікаў выкарыстоўваць усё сваё майстэрства, каб зацікавіць падрастаючае пакаленне вучыцца як мага лепш, з задавальненнем крочыць па краіне ведаў, а старшакласнікам пажадаў лёгкага выбару ў вызначэнні будучага жыццёвага шляху. Установе І. С. Маркевіч падарыў каштоўнае мультымедыйнае абсталяванне – інтэрактыўную панэль TechnoBoard. З яе дапамогай адукацыйны працэс стане яшчэ больш цікавым і насычаным. Сертыфікат на яе атрыманне ён уручыў дырэктару ўстановы Алене Іванаўне КЛАЧКО.

Радасць святочнага дня таксама раздзялілі з прысутнымі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Уладзіміравіч Шакун, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Таццяна Мікалаеўна Крыкала, дырэктар філіяла КУП «Мінскаблдарбуд»-«ДРБУ № 167» Уладзімір Міхайлавіч Саевіч.
Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА

______________________________________________________


На ўрачыстую лінейку, прымеркаваную да Дня ведаў, у Пяршайскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа завітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген КРУКОВІЧ.

У сваім вітальным слове кіраўнік раёна павіншаваў усіх са святам Першага званка, асаблівыя словы адрасаваў першакласнікам, якіх сёлета на Пяршайшчыне дзевяць: для іх гэты дзень знакавы і запамінальны, бо дзеці акунуцца ў новае жыццё пад назвай “Школа” і пройдуць цікавы і захапляючы шлях да вяршынь ведаў. А вось для пяці адзінаццацікласнікаў новы навучальны год стане апошнім і развітальным. Трывалых ведаў, новых адкрыццяў, поспехаў і перамог пажадаў Яўген Міхайлавіч школьнікам, а педагогам – разумных вучняў і задавальнення ад правядзення ўрокаў, бо ад навыкаў і ўменняў педагогаў залежыць распазнанне здольнасцей і талентаў рабят. У якасці падарунка ад раённай улады школе быў уручаны сертыфікат на 1 тысячу рублёў на набыццё пральнай машыны аўтамат. Кожны першакласнік атрымаў кнігу ад Прэзідэнта краіны А. Р. Лукашэнкі. Вучням другога класа былі падораны мячы ад Беларускай асацыяцыі футбола.

Шаноўным госцем першавераснёўскай лінейкі стала і намеснік начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Мілюткіна, якая падзякавала калектыву за вялікую работу ў падрыхтоўцы школы да новага навучальнага года і ўручыла падзяку ад начальніка ўпраўлення памочніку выхавацеля Галіне Азарэвіч.
Цесныя і трывалыя сувязі заўсёды звязваюць школу і мясцовую гаспадарку. Дырэктар КСУП “Пяршаі-2014” Віктар Шалаш, які таксама прысутнічаў на свяце, уручыў прэміі ад праўлення сельгаспрадпрыемства за добрасумленную працу падчас уборачнай кампаніі ўраджаю 2019 года вучням Арцемію Клімовічу, Анастасіі Халевіч, Яраславу Менцюку, Ангеліне Паповай і Рэнаце Дзятлавай. Школа атрымала ў падарунак карысную і патрэбную рэч – газонакасілку.
Алена ЗАЛЕСКАЯ
Фота Сяргея БОБРЫКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *