Развіццё сістэмы адукацыі: ад задач да рашэнняў

Общество

29 жніўня на Валожыншчыне прайшла традыцыйная раённая канферэнцыя педагагічных работнікаў, якая фактычна стала пачаткам новага навучальнага года, новых ідэй і планаў

 

Сёлета ў маштабным свяце ўдзельнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Яўген Круковіч, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Шакун, старшыня раённага Савета дэпутатаў Пётр Бібік, начальнік цэнтра каардынацыі дадатковай адукацыі дарослых Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ларыса Найдзіч, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання і самакіравання, грамадскіх арганізацый, лідары прафсаюзнага руху, педагагічная грамадскасць раёна. Сярод прысутных былі і маладыя спецыялісты, і ветэраны педагагічнай працы.

Канферэнцыя пачалася прэзентацыяй тэматычных пляцовак устаноў адукацыі і спорту. Прадэманстраваныя разнастайныя кампазіцыі наглядна паказалі, як вопыт, майстэрства і працавітасць увасабляюцца ў вынікі і дасягненні сістэмы адукацыі раёна. А на пленарным пасяджэнні традыцыйна былі падведзены вынікі папярэдняга навучальнага года і пастаўлены стратэгічныя задачы на новы.
Старшыня райвыканкама, вітаючы ўдзельнікаў канферэнцыі, адзначыў, што ў раёне паспяхова вырашаюцца задачы забеспячэння даступнасці адукацыі. Аб паспяховай дзейнасці педагогаў Валожыншчыны сведчаць шматлікія дасягненні навучэнцаў у інтэлектуальных і творчых конкурсах рознага ўзроўню. Аднак, нягледзячы на дасягнутыя поспехі, нельга спыняцца ў вырашэнні задач, якія стаяць перад сістэмай адукацыі. Свет змяняецца, разам з ім змяняюцца і ўскладняюцца патрабаванні, што ён прад’яўляе чалавеку. Патрабаванне вучыцца на працягу ўсяго жыцця, абнаўляць веды, асвойваць новыя тэхналогіі – гэта справядліва і для кожнага настаўніка. Яўген Міхайлавіч пажадаў педагогам, каб новы навучальны год быў напоўнены стваральнай працай і натхненнем, а кожны дзень вучобы і працы прыносіў радасць адкрыццяў і творчасці, здароўя, шчасця і дабрабыту. А затым уручыў Падзякі за шматгадовую добрасумленную працу, прафесіяналізм, вялікі асабісты ўклад у падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да пачатку 2019/2020 навучальнага года.

Выступаючы перад прысутнымі, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме раённага выканаўчага камітэта Таццяна Крыкала вызначыла прыярытэты развіцця сістэмы адукацыі раёна на новы навучальны год.

У той дзень многія атрымалі заслужаныя ўзнагароды. Прывіталі на сцэне і маладых спецыялістаў, якім уручылі Памятныя адрасы.

Урачыстае мерапрыемства завяршылася святочным канцэртам, падрыхтаваным калектывамі ўстаноў агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі раёна.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *