Дарога да святыняў

Главное Культура


З 28 жніўня па 1 верасня доўжылася XXVI Міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя “Дарога да Святыняў”, прымеркаваная да Дня ведаў. З лампадай з Благадатным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворнай Загор’е-Сталавіцкай іконай вядомыя гiсторыкi, пiсьменнiкi, дзеячы мастацтва, вучоныя тэолагi i святары пабывалі ў розных гістарычных мясцінах Беларусі.

У свой пяцідзённы шлях экспедыцыя адправілася ад храма ў iмя Свяшчэннамучаніка Уладзiмiра Хiраскi Мінскага. Затым у Свята-Духавым кафедральным саборы яе ўдзельнікі атрымалі благаславенне ў дарогу ад Мітрапаліта Паўла. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь Леанід Гуляка, Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч, Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Юрый Бондар выступілі з прамовамі.
Сёлета шлях “Дарогі да Святыняў” прайшоў па тэрыторыі Пухавіцкага, Маладзечанскага, Валожынскага, Навагрудскага, Ваўкавыскага, Баранавіцкага і Слонімскага раёнаў.


29 жніўня начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вікенцій Адамовіч і ансамбль народнай песні “Сваякі” раённага Цэнтра культуры хлебам-соллю сустрэлі экспедыцыю на мяжы Валожынскага і Маладзечанскага раёнаў. Далей шлях ляжаў у аграгарадок Ракаў. Ля капліцы на ўскрайку мястэчка, з-пад якой б’е крынічка з гаючай вадой, гасцей чакалі шматлікія праваслаўныя вернікі на чале з настаяцелем прыхода храма Праабражэння Гасподня Сергіем Лепіным і старшынёй Ракаўскага сельвыканкама Аляксандрам Мякінкам. Тут быў перададзены Благадатны агонь. Вернікі пакаштавалі крынічнай вады і Хрэсным ходам са святочнымі харугвамі рушылі да царквы, дзе адбылося сумеснае набажэнства. Затым удзельнікі экспедыцыі падзяліліся сваім духоўным вопытам, расказалі пра цудатворную Загор’е-Сталавіцкую ікону. У прысутных была магчымасць прыкласціся да гэтай рэліквіі і атрымаць Благадатны агонь ад Гроба Гасподняга, каб у лампадцы прынесці яго дахаты. Госці ж пачулі расповеды пра святыні, якія знаходзяцца ў храме Праабражэння Гасподня, у тым ліку Ракаўскай іконы Божай Маці.
Экскурсію па аграгарадку правяла дырэктар Ракаўскай дзіцячай школы мастацтваў Юлія Мякінка. З задавальненнем госці наведалі мясцовы цэнтр народнай творчасці, дзе дырэктар установы Хрысціна Лямбовіч расказала пра сваю дзейнасць, пра творчыя калектывы, што працуюць на базе цэнтра.
Частка прадстаўнікоў экспедыцыі ў гэты час пабывала ў Івянецкай зоне. Яны завіталі ў храм Святой Жываначальнай Тройцы ў вёсцы Кіявец, дзе настаяцелем прыхода з’яўляецца Аляксандр Базарнаў. Разам з прыхаджанамі яны здзейснілі Хрэсны ход, адслужылі малебен і пасадзілі Сад малітвы. Пасля пагутарылі з жыхарамі навакольных вёсак. У гарадскім пасёлку Івянец адбылася сустрэча з навучэнцамі Івянецкай дзіцячай школы-інтэрната.
З нашага раёна навукова-асветніцкая экспедыцыя накіравалася на Навагрудчыну ў Свята-Елісееўскі Лаўрышаўскі манастыр. Але свет духоўнасці, які яна нясе па ўсёй краіне, будзе яшчэ доўга гарэць у сэрцы кожнага, хто меў магчымасць дакрануцца да яе святыняў і, наогул, прыняць удзел у мерапрыемстве.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *