Кросны ткалі, шмат спявалі…

Культура

Добры дзень, паважаная рэдакцыя. Я люблю чытаць “Працоўную славу”, даспадобы прыйшлася рубрыка “Матчына песня”. З дзяцінства прыгадваюцца моманты, калі да нас у дом прыходзіла бацькава незамужняя сястра – мая цётка. Яна служыла ў паноў, вельмі хораша ткала кросны. Калі бывала ў нас, абавязкова дапамагала маме вырабляць посцілкі, шмат спявала і вучыла спяваць мяне. Зараз мне ўжо восьмы дзесятак, а яе песні памятаю, нібы гучалі толькі ўчора. Прапаную дзве з іх.
А ці ж я табе, мой ты татачка,
Ды вясной не казала:
Не ары барку ды не сей лянку,
Я яго рваць не буду.
Гарадзі гароды ды сей руціцу:
На вянок шчыпаць буду.
Бо гэты лянок пакрые сняжок,
А мяне тут не будзе:
Прыедзе мілы, павязе мяне
У вёсачку Запруддзе.
* * *
Сонца нізенька, вечар блізенька,
Сонейка на заходзе.
Была ў мамачкі адна дачушка,
І тая на выходзе.
Выйшла дачушка за вароцейка,
Расплятаючы коску,
За ёй мамачка, за ёй родная,
Разліваючы слёзку:
– Пастой, дачушка, пастой, родная,
Мы з табой пагаворым!
– Не буду стаяць, не буду чакаць,
Не буду гаварыць:
Мне прысніўся сон, мая мамачка,
Што з табой век не жыць.

Ганна ЗАГОРСКАЯ, в. Дайнава.



Добавить комментарий