Будні сельскага фельчара

Люди и судьбы


У зоне абслугоўвання Сугваздаўскага фельчарска-акушэрскага пункта намінальна 20 населеных пунктаў, дзе пражываюць больш за 450 чалавек, з іх 57 дзяцей да 17-і гадоў. У некаторых вёсках жыццё абуджаецца і віруе з пачаткам дачнага сезона і летніх канікулаў, што значна дабаўляе работы медработніку. А ў дзвюх ніхто ўвогуле не пражывае.
Рабочы дзень загадчыцы ФАПа Наталлі Міхайлаўны ЛАЗАНІК іншы раз пачынаецца задоўга да афіцыйнага яго пачатку. Здараецца так, калі жанчына дабіраецца на работу маршрутным аўтобусам з Дораў. Прыходзіць у ФАП, а ля дзвярэй ужо могуць чакаць некалькі чалавек. І яна адразу пачынае прыём. Так бывае, калі надвор’е зусім нялётнае. У іншы час года Наталля Міхайлаўна спрытна сядае на ўласны ровар ці на ведамасны скутар – і ў дарогу. І так – шэсць дзён на тыдні восьмы год запар. Менавіта столькі, з канца 2011 года, працуе яна на гэтым ФАПе.

Наталля Міхайлаўна ведае кожнага чалавека на ўчастку не толькі ў твар, але і па імя і прозвішчы. Ведае нават значна больш, чым патрабуецца медыку, не толькі пра стан здароўя, пра хваробы, але і пра дзяцей-унукаў. Гэта стварае атмасферу даверлівасці і заўсёды дапамагае пры наладжванні кантактаў. Хаця кожны ведае: яна не мясцовая, а прыезджая, пра што сведчыць нетутэйшае мілагучнае прозвішча.
І яно так. На Валожыншчыну Н. М. Лазанік пераехала ў 2005 годзе па месцы работы мужа. А нарадзілася ў раённым цэнтры Глуск на Магілёўшчыне. Пасля школы скончыла Магілёўскае медвучылішча, дзе атрымала прафесію акушэркі. Была ў дзяўчыны такая мара: дапамагаць з’яўляцца на свет новаму пакаленню. Першым рабочым месцам маладога спецыяліста стаў Гомельскі гарадскі радзільны дом, дзе прайшла сапраўдную прафесіянальную школу. Давялося папрацаваць і медсястрой у сельскай участковай бальніцы ў Калінкавіцкім раёне на Гомельшчыне. Так што да пераезду ў наш раён у маладога медыка быў назапашаны дастатковы вопыт. А якой неацэннай школай, можна сказаць, сапраўдным універсітэтам, стала праца поруч са старэйшым медработнікам раёна, загадчыцай Дорскага ФАПа Леанідай Васільеўнай Дзянісік, якая хутка будзе адзначаць 50-годдзе работы на адным месцы. Гэта былі сапраўды штодзённыя майстар-класы.
Як гаварылася вышэй, Наталля Міхайлаўна даўно ў самастойным плаванні. Мае першую кваліфікацыйную катэгорыю. І хаця працуе не за званні і ўзнагароды, але і кіраўніцтва райбальніцы заўважыла стараннага работніка. У 2012 годзе за добрасумленную працу да Дня медработніка адзіная са сваіх калег была адзначана скутарам. А ў студзені бягучага года Н. М. Лазанік аб’яўлена Падзяка Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Мінскага аблвыканкама. Не менш каштоўныя для яе і штодзённыя словы падзякі ад сваіх пацыентаў, мясцовых жыхароў.
…Кожны дзень насычаны, так сказаць, без прастояў. Але пачынаецца практычна аднолькава: з прыёму наведвальнікаў. Іх бывае звычайна каля сямі чалавек. Фельчар мерае ціск, ставіць прапісаныя доктарам уколы, нават кропельніцы, робіць іншыя працэдуры. Потым – прафілактычная работа. Вось, напрыклад, на гэты сезон у сельскай гаспадарцы набралі пастухоў па дагаворы, некалькі разоў наведвала іх па месцы работы, каб накіраваць у райцэнтр на абавязковае праходжанне флюарографа. Затым выезд па выкліках, іх бывае у дзень ад двух да пяці, па ўласнай ініцыятыве можа наведаць на даму інвалідаў першай і другой груп, старых пенсіянераў. Здараюцца і экстранныя выклікі, тады без ваганняў закрывае ФАП і імчыць на дапамогу.
Па пятніцах, як правіла, прыязджае з райцэнтра сельскі ўчастковы ўрач-тэрапеўт, і з ёй мэтанакіравана аб’язджаюць аддаленыя населеныя пункты, дзе праводзяць прыём насельніцтва. На адным з тыдняў патрэбна было ўзяць кроў на біяхімічны аналіз і асобна – у мужчын. І ў той жа дзень адправіць у райцэнтр. Рабіла ўсё хутка і арганізавана, літаральна за гадзіну праз рукі фельчара прайшло больш за 15 чалавек. Гэта было зноў жа задоўга да афіцыйнага пачатку рабочага дня. Ці вось такі факт: каб узяць аналіз крыві ў мужчыны з вёскі Камароўка, у 6 гадзін раніцы села на скутар. Раніцы цяпер такія халодныя, пашкадавала, што не надзела рукавіцы, так змерзла ў рукі! Але і ў думках не было, каб адмовіцца ад гэтай працэдуры і прапанаваць чалавеку самастойна ехаць у райцэнтр.
Гаючую сілу рук Наталлі Міхайлаўны зведала на сабе і я, калі яна на працягу больш чым паўмесяца прыходзіла раніцай рабіць мне перавязку. Падчас пастаянных зносін гаварылі пра работу, пра мясцовыя падзеі. Па тым, як гэта гаварылася, бачны былі неабыякавасць медработніка, яе душэўнасць. Нават у абедзенны перапынак варта толькі чалавеку ўзяцца за дзвярную ручку, як Наталля Міхайлаўна забываецца пра немудрагелісты абед і адкрывае дзверы ў калідор…
Увогуле, цяжка расказваць пра работу, вынік якой не бачны штодзённа, калі не выконваюцца нейкія канкрэтныя нормы. Такіх прафесій мноства, і тады пра спецыяліста больш за ўсё гавораць людзі. Наталлі Міхайлаўне вяскоўцы рознага ўзросту і адукацыі давяраюць безагаворачна, без выключэнняў. Як і яе лёгкай руцэ, калі робіць працэдуры. Яна ў бясспрэчным аўтарытэце. У медыка на вёсцы рабочы дзень не рэгламентаваны, можна сказаць – кругласутачны. Бо калі чалавеку нешта баліць, ці захварэў нехта з блізкіх, то ў тую хвіліну не глядзяць на гадзіннік. У першую чаргу спяшаюцца да яе, а ўжо потым, пры неабходнасці, выклікаюць “хуткую дапамогу”. Сама Наталля Міхайлаўна гаворыць, што за ўсіх перажывае, блізка ўспрымае чужы боль. І дадае: напэўна, прафесія не для яе, бо надта за ўсё баліць сэрца, але справу сваю любіць… Успамінае, што лепшымі былі тыя гады, калі гаспадарку ўзначальваў Валерый Фёдаравіч Селівон, а рэарганізаваны Сугваздаўскі сельвыканкам – Браніслава Канстанцінаўна Хадзінская. З уладай у загадчыцы ФАПа было поўнае ўзаемаразуменне. Вельмі дапамагалі ў рабоце, заўсёды падсаблялі транспартам, калі патрэбна было даставіць людзей у паліклініку ці бальніцу.
Цяпер вось мясцовых жыхароў і саму Наталлю Міхайлаўну надзвычай хвалюе далейшы лёс фельчарска-акушэрскага пункта пасля закрыцця дашкольнай установы, з якой дзялілі памяшканне. Здаецца, з новым месцам вызначыліся, толькі незразумела, калі адбудзецца сам пераезд.
Як і ў кожнага вясковага жыхара, у Наталлі Міхайлаўны ёсць агарод і гаспадарка – свінні, куры, былі і трусы. Сын і дачка выраслі і раз’ехаліся, так што ўсё даводзіцца рабіць самой. Чацвёрты год, як пераехала ў Доры матуля, яна таксама патрабуе ўвагі. Напэўна, як і кожнай жанчыне, хочацца іншы раз пасядзець перад тэлевізарам і паглядзець серыял, увогуле, адпачыць. Здаецца, што ёй на ўсё стае часу, усё даецца лёгка, і ў сутках яе больш за 24 гадзіны. І толькі Наталля Міхайлаўна ведае, як на самай справе. Але жыццёвае правіла вясковага доктара: з дрэнным настроем нельга ісці да людзей.
Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *