Тарпаны вярнуліся!

Главное


Амаль пяць стагоддзяў мінула з таго часу, калі ў нашай мясцовасці вадзіліся дзікія коні – тарпаны. Табуны гэтай жывёлы жылі ў добрым суседстве з зубрамі, турамі, ласямі ды аленямі. І прырода толькі выйгравала ад такога суіснавання: вялікая колькасць траваедных не давала хмызнякам і пустазеллю разрастацца. У лясах і пушчах падтрымлівалася натуральная сістэма самаачышчэння.

Супрацоўнікі ландшафтнага заказніка “Налібоцкі” паставілі перад сабой мэту аднавіць экалогію, робячы стаўку на старадаўні, прыродны ўклад пушчанскага жыцця. Даведаўшыся, што заходнія заолагі шляхам селекцыі аднавілі страчаны від дзікіх коней, пачалі весці перагаворы аб набыцці рарытэтных скакуноў. У жніўні 151 рэпатрыянт пераехаў у Беларусь з Галандыі. Каля Яцкава і Белакорца ім адвялі пашу. Новае месцажыхарства прыйшлося табуну даспадобы: выглядаюць коні выдатна, на апетыт не скардзяцца. А адно жарабя з’явілася на свет ужо тут, на радзіме сваіх продкаў…
Як лічаць спецыялісты, тарпаны на сёння – апошнія прамыя прадстаўнікі дзікіх скакуноў, якія абыходзяцца без дапамогі з боку чалавека, нават зімуюць пад адкрытым небам. Праўда, у першы год засялення егеры будуць падкармліваць коней назапашаным сенам і збожжам. Назіраць за тарпанамі – вялікае задавальненне. Асаблівае відовішча – калі табун нясецца алюрам. Тарпаны жывуць па сваіх правілах, вызначаюцца спрытам, магутнасцю і вынослівасцю.
Валожыншчына – першае месца ў Беларусі, дзе адноўлена папуляцыя тарпанаў. Коней нельга выкарыстоўваць у гаспадарчых мэтах і ў якасці ездавой сілы, аказваць ветэрынарную дапамогу, абараняць іх ад лясных драпежнікаў. Пра ўсё гэта паведамлялася падчас прэс-тура, які на мінулым тыдні правяло кіраўніцтва заказніка “Налібоцкі”. Запрошаны былі журналісты рэспубліканскіх СМІ, здымачная група тэлеканала АНТ, а таксама намеснік міністра і прадстаўнікі Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.
Варта зазначыць, што Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Налібоцкі” – даўні і паспяховы ўдзельнік праекта “Распрацоўка інтэграцыйных падыходаў да кіравання водна-балотнымі ўгоддзямі з улікам прынцыпу ландшафтнага планавання з мэтай атрымання шматбаковых выгод”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь. Дырэктар заказніка Васіль Гуркоў і супрацоўнік навукова-практычнага цэнтра па біярэсурсах Васіль Шакун пастараліся як мага больш расказаць журналістам пра жывёльны і раслінны свет нашага краю, ацанілі ўнікальныя прыродаахоўныя напрацоўкі вучоных, пазнаёмілі з перспектыўнымі кірункамі дзейнасці.

І важнейшы сярод іх – звядзенне да мінімуму ўплыву чалавека на біялагічныя працэсы навакольнага асяроддзя. На жаль, практыка паказвае, што жаданне ўдасканаліць прыроду прыносіць больш шкоды, чым карысці. У Беларусі зараз налічваецца 99 ахоўных прыродных тэрыторый, на якіх ідзе аднаўленне іх спрадвечнага стану. 90 тысяч гектараў заказніка “Налібоцкі” – не выключэнне. Гэты ўнікальны лясны масіў не толькі фарміруе воблік наваколля, але і падтрымлівае яго водную сетку, захоўвае сотні відаў дзікарослых раслін і дзікіх жывёл, многія з якіх засталіся ў адзінкавых экзэмплярах.
Вучоныя разлічваюць, што аднавіць першапачатковы выгляд пушчы дапамогуць парнакапытныя. Папуляцыі зуброў, ласёў, аленяў, казуль, тарпанападобных коней неабходна павялічыць. У планах – завесці так званых быкоў Хека, якія выведзены штучна і з’яўляюцца носьбітамі генаў старадаўняга волата беларускіх лясоў – тура. Гэтай кампаніі травяных кармоў у заказніку хопіць.
Алена ЗБІРЭНКА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *