Прапануе рынак працы

Общество

За апошнія гады ў раёне вырас попыт на рабочую сілу, а ўзровень беспрацоўя – адносна невысокі  (у межах 0,4 працэнта ад агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва).

Сёлета ў аддзел занятасці нашага ўпраўлення з пытаннем працаўладкавання звярнуліся 234 чалавекі, з іх беспрацоўнымі прызнаны 125, 64 беспрацоўныя стаялі на ўліку на пачатак года. На пастаянную работу працаўладкавана 140 чалавек, у тым ліку з беспрацоўных – 84.

За пяць месяцаў 2011 года ў раёне створана 140 рабочых месцаў: за кошт стварэння новых арганізацый – 24, у ЗАТ “ФДУ” “Людміла” – 21, філіяле “Валожынскае РБУ” ААТ “Універсалрамбуд” – 19,  ААТ “Будпрагрэс-2008” – 16, ААТ “Спледар” – 11 і інш. Плануецца, што на канец года будзе створана 430 рабочых месцаў.

Фінансавая дапамога для стварэння рабочых месцаў прадастаўляецца прадпрыемствам у выглядзе беспрацэнтнага крэдыту на тэрмін да трох гадоў. Прэтэндаваць на яе могуць наймальнікі, якія не маюць запазычанасці па падатках і іншых абавязковых плацяжах. Такую дапамогу нядаўна атрымалі: РУП “Валожынскі жылкамунгас” – 30 мільёнаў рублёў, райспажыўтаварыства – 120 мільёнаў, СВК “Пяршаі-2003” – 71 мільён, КУП “Івянецкая ЖКГ” – 28 мільёнаў рублёў.

Але мала стварыць працоўнае месца, неабходна яшчэ і навучыць або перакваліфікаваць беспрацоўнага. Сёлета на вучобу ад аддзела занятасці накіраваны 24 жыхары раёна. Асаблівая ўвага ўдзяляецца падрыхтоўцы кадраў з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Летась адзін інвалід атрымаў спецыяльнасць сталяра, інвалід-калясачнік прайшоў падрыхтоўку па спецыяльнасці «аператар ПЭВМ».

Даказала сваю правамоцнасць і работа па часоваму працаўладкаванню беспрацоўных. Для правядзення такіх работ упраўленнем  заключана 25 дагавораў. Людзі будуць заняты ў сельгасвытворчасці, навядзенні парадку на зямлі, азеляненні тэрыторый і іншых відах дзейнасці, якія патрабуюць масавага прымянення ручной працы.

На выкананне аплачваемых грамадскіх работ у 2011 годзе плануецца выкарыстаць 50 мільёнаў рублёў, на іх будзе занята 400 чалавек, у тым ліку 170 беспрацоўных.

Дзейнічае ў раёне і такі від падтрымкі, як выдача субсідый для пачатку прадпрымальніцкай дзейнасці. Пры адкрыцці ўласнай справы беспрацоўны ў сельскай мясцовасці атрымлівае 15 велічынь бюджэту пражытачнага мінімуму, што ў маі раўнялася 5148900 рублёў. Адзін беспрацоўны ўжо выкарыстаў такую магчымасць і заняўся птушкагадоўляй, яшчэ пяць чалавек сёлета таксама атрымаюць субсідыю на развіццё ўласнага бізнэсу.

З мэтай заахвочвання маладых людзей да працы, атрымання працоўных навыкаў, падрыхтоўкі іх да самастойнага выхаду на рынак працы распрацаваны план другаснай занятасці для 110 асоб. Будуць створаны рамонтна-будаўнічыя брыгады на базе сельгасліцэя, Чэхаўшчынскай дапаможнай школы-інтэрната і сярэдніх школ раёна.

Значную патрэбу ў рабочых руках маюць сельгаспрадпрыемствы, асабліва тыя, што размяшчаюцца ў аддаленых рэгіёнах. Інфармацыя аб наяўнасці свабодных працоўных месцаў паступае ў рэспубліканскі банк дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, а з беспрацоўнымі, якія жадаюць перасяліцца на новае месца жыхарства, заключаецца дагавор. Яны атрымліваюць грашовую выплату ў памеры бюджэту пражытачнага мінімуму на кожнага члена сям’і, што дае перасяленцу магчымасць палепшыць жыллёвыя ўмовы, завесці падсобную гаспадарку, стабілізаваць фінансавае становішча. Летась у наш раён прыехалі тры сям’і, а сёлета адна сям’я пераселена ў Віцебскую вобласць.

Нягледзячы на тое, што ўдалося дабіцца зніжэння колькасці беспрацоўных, абстаноўка на рынку працы застаецца праблематычнай, асабліва сярод жанчын і моладзі. Складана вырашаюцца пытанні працаўладкавання інвалідаў, грамадзян, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі. Для стабілізацыі становішча плануецца за кошт сродкаў наймальнікаў і іншых крыніц фінансавання стварыць 430 новых рабочых месцаў, працаўладкаваць не менш за 550 грамадзян, арганізаваць аплачваемыя грамадскія работы для 400 чалавек з ліку незанятых. На прафесіянальную падрыхтоўку будуць накіраваны 60 беспрацоўных.

Леанід САДОЎСКІ,

начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

 



Добавить комментарий