Дубкоўскія купальскія ночы

Культура

Дубкі мае, Дубочкі, далёкага дзяцінства белы дым… Мая родная вёсачка прыхілілася, як маладзіца, да краю сівой Налібоцкай пушчы, дзе красавалі вясной маладыя вішні, дзе схіляліся да зямлі буйныя каласы жыта і пшаніцы, дзе пахлі мёдам суніцы, яблыкі і грушы, дзе вельмі любілі прачулую песню.
Памятаю, як вяскоўцы адзначалі Сёмуху (цяпер Купалле). На захадзе сонца ўся вёска сыходзілася на аселіцу пад дуб. Раскладалі вогнішча, дзяўчаты плялі вяночкі. Убіраліся ў прыгожыя паркалёвыя сукенкі і танцавалі “На рэчаньку”, “Грачанікі”, “Лысача”, скакалі праз вогнішча, смажылі яечню на патэльнях і спявалі:
Ой, чаму ж мне не ўтапіцца было,
У харошага не ўлюбіцца было,
Быстры рэчкі паўсыхалі,
А прыгожых разабралі –
Така доля мая…
Дагаралі асіны і клёны, наступала глухая восень – пачыналіся папрадухі. Жанкі спяшаліся ў нашу хату з прасніцамі, ахапкамі воўны, пралі, сукалі ніткі і спявалі. Усё гэта я ўбірала ў сябе, рыхтавала з мамай розныя прысмакі для іх і задумвалася над песняй:
Ой, коні, вы, коні, коні вараныя,
Ой, ляціце ж вы, даганіце ж вы
Мае леты маладыя.
Не засталіся дубкоўцы ў баку ад грозных ваенных падзей. Яны дапамагалі пушчанскім партызанам правіянтам, адзеннем, хавалі іх у сябе ад лютых маразоў…
Праз маё дзяцінства і жыццё прайшла песня, якую спявалі мае бацькі з партызанамі. Яе помню і сёння…

“ТАМ НА ГОРЦЫ АГОНЬ ГАРЫЦЬ”
Там на горцы агонь гарыць,
Пад гарою салдат ляжыць,
Пад гарою салдат ляжыць,
Накрыў вочы палаткаю
За свабоду салдацкую.
Над ім сівы конь стаіць,
Капытамі зямлю скабліць,
Капытамі зямлю скабліць.
– Табе, конік, не дабіцца,
З мора вады не напіцца.
Бяжы, конік, на бацькаў двор,
Стукні, грукні аб частакол,
Стукні, грукні аб частакол.
Сястра выйдзе, рассядлае,
Мамка выйдзе, запытае:
– Скажы, скажы, конік вараненькі,
Дзе сынок мой маладзенькі?
Дзе сынок мой маладзенькі?
– Не плач, маці, не журыся,
Твой сыночак ажаніўся.
Твой сыночак ажаніўся,
Узяў сабе дзяўчыначку,
Узяў сабе дзяўчыначку –
У чыстым полі магілачку.
Вазьмі, маці, жыта жменю,
Рассей яго па каменю,
Рассей яго па каменю.
Калі гэта жыта ўзыдзе –
Твой сынок з вайны прыйдзе…
– Няма жыта ані коласа,
Майго сыночка ані голаса,
Майго сыночка ані голаса.
– Гэта жыта бура збіла,
Твайго сына куля забіла…
Там на горцы агонь гарыць,
Пад гарою салдат ляжыць,
Пад гарою салдат ляжыць,
Накрыў вочы палаткаю
За свабоду салдацкую.

Галіна МАЛЯЎСКАЯ, в. Сівіца.



Добавить комментарий