Калі рабіць, то толькі на выдатна

Кругозор

Амаль кожная з гаспадынь, што вызначаюцца добрай рэпутацыяй, мае, так бы мовіць, сваю спецыялізацыю. Адна – цудоўна кухарыць, другая – выпякае неверагодныя дэсерты, трэцяя – паказвае “вышэйшы пілатаж” падчас уборкі і гэтак далей. Жыхарка Валожына Ала Грынкевіч, на маю думку, па кожным прадмеце жыццёвага ўніверсітэта мае адзнаку “выдатна”. Здаецца, яна ўмее ўсё.

На правах даўняй прыяцелькі нядаўна я завітала да яе без папярэдняй дамоўленасці. І што? Усюды – на падворку, у кветніку, на агародзе – выключны парадак. А што робіцца ў яе склепе! Стратэгічны запас на бліжэйшае дзесяцігоддзе – няйначай.

А, між іншым, жанчына не хатняя гаспадыня, мае прафесію (ды яшчэ якую!) – настаўнік замежнай мовы.

У дзяцінстве яна зразумела: каб вывучыць і выкладаць english, мала мець здольнасці, патрэбна ўпартая праца. І ўжо тады маладая перфекцыяністка вырашыла: словы “цяжка”, “не магу”, “не зраблю” – не патрэбны ў яе лексіконе.

Раней Ала Вячаславаўна выкладала ў гімназіі, СШ № 1. Апошнія пяць гадоў працуе ў цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Работа з юнымі жыхарамі Валожына прыносіць задавальненне, але адымае шмат часу і сіл. Да таго ж малодшаму сыну толькі восем гадоў, а гэта значыць, увагі матулінай яму патрабуецца ой як шмат.

Здавалася, маючы такую прафесію, чаму б не дазволіць сабе быць беларучкай. Чаму абавязкова прыватны дом, участак? Займела б кватэру, глядзела б сябе… А куды падзець энергію і безліч гаспадарскіх навыкаў, што дасталіся ад матулі – працаўніцы ад Бога, шматдзетнай маці? Марыя Стасяловіч для сваіх дзяцей – прыклад нумар адзін ва ўсім, што тычыцца вядзення хатнай гаспадаркі і зносін з людзьмі. Чысціня, своечасовае планаванне, дэталёвая прадуманасць, бездакорнае выкананне любой работы і бязмежная добразычлівасць – вось іх сямейнае жыццёвае крэда.

Гаспадыня ўтульнага дома па вуліцы Маладзёжнай у райцэнтры праводзіць для мяне экскурсію па ўласных палетках. Я нават не здагадвалася, што агарод можа быць такім лагічным! Тут з карысцю задзейнічана кожная пядзя зямлі. Прадумана, што з чым павінна суседнічаць. У спалучэнні раслін, іх паслядоўнасці ўлічана нават эстэтыка. “Безумоўна, ад агарода ў першую чаргу чакаю добрага ўраджаю, але і таму, як ён выглядае, надаю ўвагу. Вельмі люблю, калі хораша”, – без пафасу дзеліцца вопытам.

Разам з мужам Сяргеем яны шмат часу затрачваюць на добраўпарадкаванне. З дзяцінства Ала любіць кветкі і ўмее іх вырошчваць.

Калі ўсё паспявае? У адказ на гэта пытанне толькі смяецца. Відавочна, ёй проста падабаецца тое, чым займаецца. Таму (нават сама гэта прызнае) у яе гаспадарскай актыўнасці маюцца пэўныя “перагібы”. Родныя, асабліва дачка і зяць (абое – урачы), не ўхваляюць за “слоікавы фанатызм”. Маладыя людзі ўпэўнены, што столькі нарыхтовак іх сям’і не патрэбна. Яна ж не згаджаецца. Яе дабрыня не мае межаў. Пачаставаць тых, хто такіх прысмакаў не мае, – радасць. З дабром і ўласцівай толькі ёй бязмежнай шчодрасцю раздае свае набыткі людзям, маўляў: “Хай паласуюцца – я яшчэ зраблю!”.
Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *