Будзем памятаць маэстра танца з Івянца…

Люди и судьбы


Жыццё чалавека – нібыта касмічная знічка, яно пралятае імгненна, і толькі ў бестурботным юнацтве здаецца, што яно будзе працягвацца бясконца. Калі асоба гарыць творчымі памкненнямі і апантана сцвярджае сваё крэда на практыцы, то звычайна пакідае адметны знак на зямлі – спадчыну, якая працуе на карысць будучых пакаленняў. Да такіх апантаных творцаў адносіўся Іосіф Валяр’янавіч ЛЯШЧЫНСКІ, заслужаны дзеяч культуры БССР. Гэта пачэснае званне яму было нададзена першаму на Валожыншчыне ў 1967 годзе.

Нарадзіўся Юзік 29 верасня 1924 года ў Івянцы ў звычайнай местачковай сям’і. Бацька Валяр’ян Ляшчынскі быў выбітным майстрам-мулярам, які з арцеллю будаўнікоў з ранняй вясны да позняй восені ўзводзілі храмы і палацы, жылыя дамы і крамы ў Івянцы, Валожыне, Барысаве, Вільні і іншых месцах Паўночна-заходняга рэгіёну. Гэта давала магчымасць забяспечыць сям’ю матэрыяльна. А маці Юзэфа з роду Сасноўскіх была хатняй гаспадыняй і займалася выхаваннем дзяцей.

З дзяцінства Юзік захапляўся прыгажосцю роднай прыроды, заслухоўваўся спевамі птушак, але яго прываблівалі вячоркі, што ладзіла моладзь ля млына. Седзячы на беразе Волмы, ён слухаў народныя напевы, але найбольш пільна прыглядаўся да танцаў, якія запалі ў сэрца на ўсё жыццё. На марожанае і цукеркі зарабляў злотыя за лепку цацак-свістулек у цёткі Мар’і. Яна была ўладальніцай ганчарні і крамы ў Івянцы.

У сямігадовым узросце паступіў у першы клас паўшэхнай школы, дзе пасаду дырэктара займала Марыя Асіповіч, унучка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але самым паважаным і любімым настаўнікам быў Уладзіслаў Аскерка, былы саліст Варшаўскага тэатра оперы і балета. У школе ставіліся тэатральныя пастаноўкі, дзейнічалі гурткі танцаў і спеваў. Аскерка заўважыў здольнага вучня і прывіў назаўсёды любоў да харэаграфіі і народных танцаў. Так адбыўся першы крок у будучыню.

Сваю прафесійную дзейнасць працягваў удасканальваць на курсах па харэаграфіі пры Мінскім абласным доме народнай творчасці. Завочна скончыў рэжысёрскае аддзяленне Мінскага культасветвучылішча.

Плённае супрацоўніцтва з вядомымі на Беларусі дзеячамі музычнай культуры Канстанцінам Паплаўскім, Генадзем Цітовічам спрыялі ўзлёту правінцыяльнага местачковага танцавальнага калектыву “Журавінка” да высокага звання “народны” ў 1971 годзе. У скарбонцы калектыву шматлікія ўзнагароды: сярэбраны медаль ВДНГ СССР, граматы і дыпломы Вярхоўнага Савета БССР, Міністэрства культуры БССР, упраўлення культуры абласнога Савета народных дэпутатаў і іншыя. Вакальна-харэаграфічны ансамбль “Журавінка” гастраляваў па Расіі, Казахстане, Грузіі, Польшчы, Літве і амаль па ўсёй Беларусі.

Працуючы мастацкім кіраўніком, а потым дырэктарам Івянецкага Дома культуры, Іосіф Валяр’янавіч набыў шырокую папулярнасць і вялікі аўтарытэт, пакінуў шмат удзячных вучняў, якія працягваюць яго запаветы. Ужо будучы на пенсіі, маэстра навучаў танцам дзетак у Пяршаях і Дорах, Івянецкім доме-інтэрнаце. Арганізаваў і аформіў узорны клас харэаграфіі ў Івянецкай сярэдняй школе пры дзейснай падтрымцы дырэктара Ганны Паўлаўны Мітрош. Падтрымліваў творчыя стасункі з народнай студыяй выяўленчага мастацтва Івянецкай СШ. Іосіф Ляшчынскі мае дачыненне да стварэння вядомага за межамі краіны калектыву “Крэсавянка”.

Шматлікія рэпетыцыі і канцэрты, замежныя гастролі аднімалі шмат часу, і толькі разуменне жонкі Юліі Восіпаўны спрыяла росквіту талента мужа. Працуючы галоўным бухгалтарам Івянецкага малаказавода, яна была падмуркам сям’і, займалася выхаваннем дзяцей, а потым і ўнукаў.

У інтэлегентнай і дружнай сям’і Ляшчынскіх многія дзеці звязалі свой лёс з культурай і мастацтвам. Сын Валерый скончыў Мінскі інстытут культуры і замяніў бацьку на пасадзе дырэктара Дома культуры. Дачка Ірына пасля заканчэння кансерваторыі паспяхова працуе выкладчыкам у Івянецкай музычнай школе па класе фартэпіяна. Зяць Віктар Каўрэцкі выкладае ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі і з’яўляецца артыстам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Беларусі. Унук Іван скончыў кансерваторыю, працуе ў харавой капэле “Санорус”.

Талент Іосіфа Валяр’янавіча шматгранны. Ён паспяхова здымаўся ў фільмах, быў добрым акцёрам і музыкантам, здольным мастаком-керамістам, але выбраў музу, наканаваную лёсам, – харэаграфію, з якой прайшоў усё жыццё і праславіў Івянец сваёй творчасцю…

Алег РАМАНОЎСКІ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *