Нашаму калегу – 80!

Люди и судьбы


Свой юбілейны дзень нараджэння колішні адказны сакратар раённай газеты «Працоўная слава» Юльян Станіслававіч ВЫСОЦКІ ў выдатным настроі адзначыў у верасні.

Імя і прозвішча Юльяна Станіслававіча шырока вядома ва ўсёй Беларусі. Гэта журналіст з багацейшым вопытам работы, пісьменнік, даследчык невядомых старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Лёгкае пяро нашага шаноўнага земляка (нарадзіўся ён у вёсцы Роўкавічы) пачало выводзіць першыя прафесіянальныя радкі яшчэ ў 1967 годзе, калі студэнт-завочнік факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта і адначасова настаўнік гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы і спеваў Жомайдскай васьмігодкі паспяхова абараніў дыплом і набыў другую адукацыю. Працаваў спачатку ў Ашмянскай раёнцы, затым адказным сакратаром прыйшоў у Валожынскую газету. Праз колькі гадоў перспектыўнага хлопца запрасілі ў «Мінскую праўду». Далей – болей! З 1985 па 1991 год Юльян Станіслававіч быў намеснікам галоўнага рэдактара «Юрыдычнай газеты», пасля ўзначальваў творчыя калектывы часопісаў «Ахова працы і сацыяльная абарона» і «Гермес»…

Юльян Высоцкі як пісьменнік стаў шырока вядомы дзякуючы пільнай, карпатлівай і вельмі ёмкай працы над дакументальнымі звесткамі пра Вялікую Айчынную вайну, якія аб’ядналіся ў кнігу «За край бацькоўскі, за Радзіму». Яна ўбачыла свет у 2014 годзе ў выдавецкім доме «Звязда». А да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў выйшаў новы зборнік аповесцяў нашага земляка, які носіць назву «Перамогу набліжалі як маглі».

Шаноўны Юльян Станіслававіч! Калектыў газеты, якому вы аддалі частку свайго насычанага творчасцю жыцця, шчыра віншуе Вас з юбілеем! Жадаем, каб яшчэ на многія гады ставала здароўя і сіл на плённую і карысную працу па вывучэнні і зберажэнні гісторыі роднага краю. Новых Вам адкрыццяў і ідэй, спаўнення задум і планаў!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *