Дапамога будзе. Але толькі тым, хто сапраўды мае ў ёй патрэбу!

Официально


Гэта прынцыповая пазіцыя, выказаная старшынёй раённага выканаўчага камітэта Яўгенам Міхайлавічам Круковічам падчас учарашняй сустрэчы з жыхарамі Пяршайскага сельсавета. Уся справа – у адносінах людзей да тых даброт, якія яны калісьці атрымалі дзякуючы праводзімай уладай палітыцы павышэння якасці жыцця грамадзян і навядзення парадку на зямлі. Хтосьці падзякуе за зробленае за дзяржаўны кошт і прыкладзе сілы для таго, каб гэта зберагчы. А нехта будзе настойліва патрабаваць: «Давай яшчэ!». Той выпадак, калі аб’ект клопату ператвараецца ва ўтрыманца, і выклікаў моцныя эмоцыі ў кіраўніка Валожыншчыны.

«Нельга ўвесь час спадзявацца, што дзяржава будзе пакрываць расходы на тыя задачы, якія, па логіцы, любы гаспадар можа і павінен выконваць сам або з дапамогай дзяцей», – заўважыў Яўген Міхайлавіч на патрабаванне замяніць старую сапсаваную агароджу каля адной з сядзіб. І даручыў старшыні сельвыканкама правесці агляд падворкаў, устанавіць адзінокіх людзей, якія ў сілу паважанага ўзросту не могуць належным чынам падтрымаць парадак на сваёй тэрыторыі. Вось у гэтай катэгорыі насельніцтва і будзе магчымасць паставіць новы плот за бюджэтныя сродкі.

У час сустрэчы кіраўніцтву КСУП «Пяршаі-2014» пастаўлены задачы дапамагчы аднавіць пад’езд да аднаго з дамоў і пасадзейнічаць у абкошванні суседняга нічыйнага ўчастка. У адказ на просьбу паспрыяць некалькім жыхарам вёскі Мішаны атрымаць свабодны доступ да пітной вады дырэктар гаспадаркі таксама атрымаў даручэнне прапрацаваць пытанне. Як запэўніў Віктар Іванавіч Шалаш, некаторыя зрухі для вырашэння гэтай праблемы ўжо ёсць.

Таксама кіраўнік раёна абавязаўся ў бліжэйшы час падрыхтаваць пісьмо ў рэспубліканскую дарожную службу, каб задаволіць неабходнасць пабудовы тратуара па вуліцы К. Маркса да школы.

Былі агучаны праблемы разбітай грузавікамі дарогі да Сямернікоў (рамонт запланаваны на наступны год), пэўных аспектаў руху рэйсавых аўтобусаў, цяжкасцяў са зняццем наяўных грошай з пластыкавых картак і здзяйсненнем пляцяжоў, аднаўлення работы Пяршайскага сельскага дома культуры. На ўсе пытанні дадзены кампетэнтныя, грунтоўныя каментарыі.

Тэкст і фота Сяргея САДОЎСКАГА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *