Слаўную паненку мы падвялічым!..

Культура

Паважаная “Матчына песня”! У час, калі адзначаюцца велікодныя святы, так хочацца прыгадаць мінулыя гады. Успомніла і паўтарыла і велікодныя песні, бо сама калісьці была валачобніцай. Шкада, што няма ўжо майго бацькі Мар’яна Антонавіча, выдатнага баяніста. Схадзіць бы да яго, каб падчысціў нашы галасы, выправіў памылкі, штосьці падказаў, параіў, хто павінен быць галоўным, вядучым у кампаніі валачобнікаў. Ведаю, што бацька выбраў бы мяне…
Помню, як пасля вайны на Вялікдзень хадзілі з хаты ў хату валачобнікі. Асабліва любілі ўсе песню “Паненцы”. Гаспадыні, у якіх былі дочкі, звалі гасцей за стол. Спраўныя кабеты хацелі хутчэй выдаць дзяўчат замуж, таму так шыкавалі перад кавалерамі. Чаго толькі не было на гэтых сталах: і гусі, фаршыраваныя макаронай, і смажанае малочнае парася з бантам на шыі, і пышкі з пернікамі, і салодкае зялёнае віно, настоенае на лістах чорных парэчак!..
“Выбірайце, хлопцы, сабе жонку не тады, як яна спіць, а як жне, спявае і стол святочны прыбірае!” – любіў гаварыць мой бацька.
Дзяўчаты сапраўды віравалі каля хлопцаў, прыветна ўсміхаліся і не маглі дачакацца, калі заспяваюць іх любімую песню.

ПАНЕНЦЫ
Добры вечар, пані-паненачка!
Віно, віно зялёнае!
Просім адчыніць акеначка,
Віно, віно зялёнае!
І паслухаць той навіны,
Віно, віно зялёнае!
Едзе кавалер да дзяўчыны,
Віно, віно зялёнае!
Не тутэйшы – з-за граніцы,
Віно, віно зялёнае!
З вялікіх замкаў – з камяніцы,
Віно, віно зялёнае!
Дунай-рэчку пераплыў ён,
Віно, віно зялёнае!
Ехаў вадою, не загінуў,
Віно, віно зялёнае!
Да паненкі з Похвалёным!
Віно, віно зялёнае!
Вельмі мілай і ўлюбёнай,
Віно, віно зялёнае!
– Просім выйсці ў ганачак!
Віно, віно зялёнае!
– І вынесці копу яечак!
Віно, віно зялёнае!
– Мы тыя яйкі самі пералічым,
Віно, віно зялёнае!
– Слаўную паненку падвялічым,
Віно, віно зялёнае!

ВІНШАВАННЕ ДЛЯ ПАНЕНКІ
Была зіма, цяпер вясна!
(Імя) жадаем, каб паненка ў гэтым
годзе замуж пайшла!
І мы каб здаровымі былі, на вяселле
прыбылі.
Паненка (імя) намі не гардзіла,
Да пакою запрасіла,
Салодкім віном напаіла.
А мы пілі-выпівалі
І слаўную паненку (імя) замуж
выпраўлялі.
Жадаем, каб у тым року мела мужа
пры боку!

Тэрэза КЕЛЕР, в. Сівіца.



Добавить комментарий