Фінансы ў руках моладзі

Молодежный курьер

У ААТ «Агра-Вішнеўскі”, як нідзе, ведаюць: маладым можна і неабходна давяраць. Ва ўсякім разе за фінансы тут адказваюць тры прыгажуні, вопыт работы якіх не перавышае двух гадоў. Выконваючую абавязкі галоўнага бухгалтара Алёну Глазаву і бухгалтараў Вольгу Слуцкую і Настассю Дэніс мы засталі на працоўным месцы. Адна старанна ўглядалася ў схемы на маніторы камп’ютара, другая ўносіла звесткі ў ведамасць, а трэцяя збівала бясконцыя лічбы на калькулятары. На просьбу выдзеліць некалькі хвілін на гутарку з карэспандэнтам адгукнуліся з лёгкім здзіўленнем, аднак прызналіся, што ў мінулым годзе ўжо засвяціліся на старонках адной з рэспубліканскіх газет.

Алёна – выпускніца Столінскага сельскагаспадарчага каледжа, Вольга і Настасся – Навапольскага. Выконваючы абавязкі гаспадаркі Яўгеній Часлававіч Маркоўскі ўпэўнены: дзяўчаты – граматныя, кемлівыя і, галоўнае, старанныя. Так атрымалася, што старэйшых работнікаў, якія б маглі на практыцы перадаваць вопыт моладзі, у бухгалтэрыі не аказалася. Але сучасная моладзь вызначаецца тым, што добра ведае, дзе ўзяць неабходную інфармацыю. Учарашнія навучэнкі не разгубіліся. Тэлефанавалі ў іншыя гаспадаркі, раіліся са спецыялістамі сельгасупраўлення. Добрай падтрымкай стаў і Інтэрнэт. Прызнаюцца: упэўненасці па-ранейшаму не хапае, але з кожным днём веды і ўменні множацца. Тым больш, што Алёна і Настасся – студэнткі-завочніцы Гродзенскага ўніверсітэта. А вось самая малодшая (ёй толькі 18 гадоў) Вольга нядаўна выйшла замуж і ў хуткім часе мае намер на пэўны час развітацца з калектывам (застаўся тыдзень да пачатку дэкрэтнага водпуску).

Жывуць спецыялісты ў інтэрнаце, што прадаставіла гаспадарка, умовамі задаволены. Алёна і Настасся пакуль не ведаюць, што будзе пасля заканчэння тэрміну адпрацоўні. Таму старанна выконваюць свае няпростыя абавязкі, вучаць Правілы дарожнага руху (хутка здача на права кіравання аўтамабілем), рыхтуюцца да сесіі. У Вольгі планы больш акрэслены (сямейны чалавек!). Кожнай з сябровак, як і ўсім маладым спецыялістам, што працуюць сёння ў розных прадпрыемствах і ўстановах Валожыншчыны, хочацца пажадаць асабістага шчасця і абавязковых поспехаў на прафесійным шляху, а іх кіраўнікам і калегам мудрасці, цярпення, дабрыні і добрай памяці, бо, як кажуць, мы ўсе былі маладымі.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *