Общество Региональные новости

Як стала вядома, на днях Прэзідэнт краіны падоўжыў дзеянне праграмы сямейнага капіталу яшчэ на адно пяцігоддзе – да 31 снежня 2024 года, падпісаўшы адпаведны ўказ. Згодна з гэтым дакументам, размер сямейнага капіталу павышаецца да 22,5 тысячы рублёў.

У нашым раёне таксама за апошнія гады прыкметна павялічылася нараджальнасць, і адпаведна больш стала сем’яў, што набылі статус мнагадзетных, нарадзіўшы трэцяе дзіця. Лічбы за верасень увогуле ўражваюць. Права на налічэнне сямейнага капіталу набылі сем’і івянчанак Ганны Фёдараўны Калоска і Фірузы Джамалідзінаўны Садыкавай, дзе нарадзілася па трэцяму дзіцяці. Таксама сямейны капітал атрымаюць жыхаркі вёскі Саланая Валожынскага сельсавета Ганна Эдуардаўна Шчоткіна, якая нарадзіла чацвёртае дзіця, аграгарадка Ракаў Таццяна Станіславаўна Ліхтаровіч, вёскі Забрэззе Гародзькаўскага сельсавета Жанна Анатольеўна Клімовіч, якія нарадзілі па трэцяму дзіцяці. Сямейны капітал прызначаны жыхаркам райцэнтра Юліі Мікалаеўне Зялкоўскай, што нарадзіла чацвёртае дзіця, Ірыне Мікалаеўне Літвін і Таццяне Сяргееўне Сівіцкай, якія сталі маці ў трэці раз. Да канца месяца на пасяджэнні райвыканкама будуць разгледжаны дакументы яшчэ на трох прэтэндэнтак на сямейны капітал.

 

19 верасня ў гарадскім аддзяленні паштовай сувязі “Валожын-1” прайшоў чарговы Дзень падпісчыка.

На працягу дня былі аформлены падпісныя квіткі на 225 экзэмпляраў перыядычных выданняў на апошні квартал бягучага года. Менавіта нашу раённую газету пажадалі выпісаць каля 70 удзельнікаў акцыі. Усе квіткі ўдзельнічалі ў розыгрышы прызоў. Былі разыграны 10 сувеніраў – маркеры, мыла, электратавары.

 

Два маладыя спецыялісты прыйшлі працаваць у Івянецкі Дом культуры.

Выпускніца ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анастасія Станілка прызначана рэжысёрам узорнага тэатра лялек “Вандроўка”. Дзяўчыну добра ведаюць у гэтай установе: у школьныя гады была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Ракаўчанка Марыя Вайткевіч пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў працуе хормайстрам Дома культуры.

 

12 верасня валанцёрскі атрад “Мара” Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя прыняў удзел у рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Адновім святыню. Крыніцы Беларусі”. Ініцыятарам акцыі ля крынічкі “Валожынская” па вуліцы Кірава ў райцэнтры стаў РК БРСМ.

Навучэнцы розных курсаў ліцэя (і не толькі члены маладзёжнай арганізацыі) разам з валанцёрамі з іншых навучальных устаноў горада і нават гасцямі з Вілейскага раёна ачысцілі саму крынічку, тэрыторыю вакол яе ад травы і бытавога смецця. Дарэчы, па ўласнай ініцыятыве ліцэісты некалькі дзён працавалі на добраўпарадкаванні крынічкі і тэрыторыі, якая прылягае да яе. Тэхнікай для вывазкі бытавога смецця забяспечыў лясгас, а неабходным інвентаром – ліцэй. Навучэнцам было вельмі прыемна чуць словы падзякі ў свой адрас і маладога пакалення ў цэлым ад людзей, што якраз у той момант прыязджалі за вадой. Такія словы яшчэ больш натхнялі моладзь на працу.

 

Члены аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва днямі здзейснілі віртуальную экскурсію ў Швецыю.

Прэзентацыю з “наведваннем” самых цікавых месцаў гэтай краіны, якія абавязкова патрэбна ўбачыць турыстам, падрыхтавалі работнікі аддзялення. А потым сваімі ўражаннямі падзялілася 86-гадовая жыхарка Валожына, настаўніца-пенсіянерка Зоя Лук’янаўна Разанава, якая сёлета на свае вочы ўбачыла шведскія славутасці. Размова пра падарожжы закранула і іншыя краіны. Уражаннямі ад адпачынку ў Затоцы і назіраннямі за рэаліямі жыцця ва Украіне падзяліліся Ганна Іосіфаўна Трухоўская і Валянціна Уладзіміраўна Васільева.

 

19 верасня ў зале ДЮСШ прайшоў Кубак памяці А. С. Латышава па міні-футболе сярод школьных каманд. У турніры прынялі ўдзел 5 каманд – трох гарадскіх устаноў адукацыі, Івянецкай СШ і Багданаўскага ВПК.

Першае месца заваявала каманда сярэдняй школы № 2 райцэнтра, якой быў уручаны грашовы прыз. Другое і трэцяе месцы занялі футбалісты гімназіі і Івянецкай СШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *