Вытрымліваць дыстанцыю дапамагае актыўная жыццёвая пазіцыя

Безопасность и здоровье Молодежный курьер Общество Спорт

Спачатку была інфармацыя, што трэцякурснік Валожынскага сельскагаспадарчага ліцэя Арцём ПОКЛАД другі год запар прымаў удзел у мінскім паўмарафоне, які праходзіць у рамках святкавання Дня горада. Я зразумела, што менавіта ў гэтыя дні юнак быў у сваёй установе сапраўдным героем. І гэта мяне зацікавіла. Аказалася, што Арцём не толькі спартсмен, свет яго захапленняў даволі багаты і разнастайны.

У Валожынскі ліцэй А. Поклад паступіў пасля заканчэння 9-га класа Вішнеўскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Як ні дзіўна, у школьныя гады Арцём не быў заўзятым спартсменам, хаця менавіта ў гэтай установе трывалыя спартыўныя традыцыі і нядрэнная база. Але адзін раз яму прапанавалі прабегчы лёгкаатлетычны крос, і без ніякай фізічнай падрыхтоўкі, трэніровак, так сказаць, злёту заняў у раёне чацвёртае месца. Сам ад сябе такога не чакаў, але спадабалася.

Калі паступіў у ліцэй, вырашыў займацца фізічнай падрыхтоўкай самастойна, менавіта бегам. Ставіў перад сабой задачу і імкнуўся дамагчыся яе выканання. Цяпер жа асабісты рэкорд юнака – 30 кіламетраў за дзень. Летась упершыню паспрабаваў сілы ў мінскім паўмарафоне. Прабег дыстанцыю ў 21,97 кіламетра за 1 гадзіну 56 хвілін. Сёлета – за 1 гадзіну 37 хвілін і 33 секунды. 15 верасня сярод больш чым 40 тысяч удзельнікаў паказаў 713 вынік. Дарэчы, там убачыў яшчэ аднаго нашага земляка – начальніка РАНС Аляксандра Сівага. Варта адзначыць, што ўдзел у паўмарафоне платны, і для таго, каб заплаціць, Арцём летам працаваў у прадпрымальніка.

Пяць разоў на тыдзень абавязковыя трэніроўкі на мясцовасці з рознай ступенню інтэнсіўнасці. Намотвае ў любое надвор’е ад 10 кіламетраў і больш. Па Інтэрнэце займаецца з уласным трэнерам з многімі званнямі – Настассяй Дашкевіч. Пабываў ужо ў яе і на адкрытай трэніроўцы. Займаецца юнак таксама ў спартыўнай зале. Магчыма, многія з аднакурснікаў, аднавяскоўцаў і проста знаёмых не раз задавалі хлопцу пытанне: навошта табе гэта трэба? І як адказаць на яго адназначна?! Значыць, трэба, калі без усялякага прымусу штодзень выходзіць на трэніроўкі, падпарадкоўвае сваё жыццё няпростаму рэжыму. Дарэчы, усямерна захапленне сына спортам падтрымліваюць бацькі Арцёма. Яны нязменна прыязджалі ў сталіцу на паўмарафон, былі побач.

Ліцэіст Арцём Поклад – не толькі заўзяты лёгкаатлет. Ён яшчэ і стараста групы 35-19, удзельнік усіх мерапрыемстваў у ліцэі – ад выступленняў каманды Клуба вясёлых і знаходлівых “Першацвет” (выступалі і ў Маладзечне, Салігорску) да тэатралізаваных прадстаўленняў, выконваў галоўную ролю ў спектаклі “Мікітаў лапаць”, карэспандэнт газеты “Ліцэйскі веснік”. Магчыма, ён яшчэ і забыўся расказаць пра некаторыя іншыя свае захапленні.

…Я люблю адкрытых, творчых, апантаных людзей, якія ніколі не будуць засмучацца ад таго, што няма чым сябе заняць. Самі знойдуць справу, і не адну, а так кожны дзень будзе загружаны пад завязку. Не будуць чакаць запрашэнняў. Такім сынам могуць ганарыцца бацькі, выпускніком – вішнеўскія настаўнікі, якія цяпер, напэўна, шкадуюць, што не пакінулі Арцёма ў дзясятым класе. І менавіта ў ліцэі заўважылі і развіваюць яго лідарскія здольнасці. А ў Арцёма наперадзе яшчэ ўсё жыццё. Мне падаецца, што як чалавек, асоба ён ужо адбыўся. Цяпер галоўнае, каб пашанцавала з першым месцам працы…

Наталля ШТЭЙНЕР



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *