Гаспадары-суседзі з Багданава

Год малой Родины Общество

Праязджаючы праз Багданава, абавязкова звяртаеш увагу на мноства прыгожых дамоў з добраўпарадкаванымі ўчасткамі. Вось і на гэты раз наша творчая група не змагла прамінуць завулак Савецкі і не зазірнуць у самыя дагледжаныя двары. Зусім побач, праз вуліцу, тут жывуць дзве сям’і. Мошкі параілі зазірнуць да Сабалеўскіх. У доме ж насупраць былі ўпэўнены, што менавіта суседзі маюць права на ўвагу прэсы. Што ж, мы паспелі пагутарыць і з тымі, і з іншымі. Сціплыя людзі фатаграфавацца адмовіліся катэгарычна, а вось пахадзіць з камерай па кветніках і гародах дазволілі.

Соф’я Аляксандраўна Мошка палічыла, што ў цёплай хаце, дзе весела трашчыць дровамі агонь у кафлянцы, размаўляць будзе зручней, і гасцінна расчыніла дзверы. Прайшоўшы праз сені, запоўненыя водарам нядаўна знятых з дрэў яблыкаў, мы трапілі ва ўтульны пакой, дзе да нас далучыўся Вікенцій Юльянавіч. Як высветлілася, гаспадары родам не з Багданава, але абое нарадзіліся і выраслі на Валожыншчыне: яна – у Малым Запруддзі, ён – у Кражыне. У саўгас прыехалі на працу. Соф’я скончыла Ашмянскі тэхнікум, нейкі час папрацавала ў калгасе імя Чапаева, пазней маладога эканаміста запрасілі ў сваю каманду багданаўцы. У калектыве агульнай павагай карыстаўся галоўны аграном Вікенцій Мошка. У 1974 годзе маладыя людзі згулялі вяселле. З той пары, а гэта 45 гадоў, яны – разам, выгадавалі дзяцей, маюць уцеху ва ўнуках. У прафесійным плане ніводзін з іх не стаяў на месцы. С. А. Мошка пэўны час узначальвала сельвыканкам, завяршыла ж працоўную дзейнасць у гаспадарцы. Вікенцій Юльянавіч з 1982 па 1988 гады ўзначальваў калектыў багданаўскіх сельгасвытворцаў, а да пенсіі працаваў намеснікам дырэктара, аграномам.

Дом, у якім жывуць, некалі маладой сям’і выдзеліў саўгас. На працягу дзесяцігоддзяў яны не аднойчы ўдасканальвалі сваё жыллё, таму на ўчастку цэлы комплекс пабудоў. Уражвае парадак, што пануе ва ўсіх кутках утульнага двара. Гаспадыня моцна расперажывалася, што “кветкі ўжо адцвілі і пахваліцца ёй няма чым”. А нам спадабалася атмасфера іх дому, шчырыя сяброўскія адносіны мужа і жонкі, сапраўдная павага адзін да аднаго і нават да незнаёмага карэспандэнта раённай газеты. Парадавала, што ў гэтай сям’і “Працоўная слава” на пачэсным месцы. Ветлівыя людзі запэўнілі, што нас чытаюць з задавальненнем. Перадалі прывітанне калектыву. А жыхарам раёна пажадалі здароўя і самага аптымістычнага, па-сапраўднаму пазітыўнага ўспрыняцця жыцця.

 

З суседкай насупраць Таццянай Васільеўнай САБАЛЕЎСКАЙ я пазнаёмілася даўно, яшчэ ў тую пару, калі прыгожая, інтэлігентная жанчына ўзначальвала калектыў Багданаўскай сярэдняй школы. Яна завіхалася на сваім участку і, як і суседзі, моцна здзівілася незапланаванаму візіту.

У былога педагога мноства хобі. Па-першае, яна – выдатная майстрыха. Уборы, якія выходзяць з-пад яе ўмелых рук, з задавальненнем носяць і сваякі, і сябры. Па-другое, адукаваны чалавек, безумоўна, знаходзіць час на кнігі і сканворды, цікавіцца навінамі. А самая вялікая яе любоў – зямля. Калі працавала ў школе, часу на кветкі, дрэвы, кусты не хапала, таму зараз, як кажуць, адводзіць душу. Ганарыцца тым, што пачала асвойваць прышчэпкі, любіць эксперыментаваць з вырошчваннем агародніны.

Пра што асабліва пагаворыш, калі час прыспешвае? Тым не менш, Таццяна Васільеўна паспела ўзгадаць школы, дзе набывала адукацыю, – Навасёлкаўскую і Вішнеўскую, аднакласнікаў. З большасцю школьных таварышаў яна падтрымлівае сяброўскія адносіны на працягу ўсяго жыцця. Літаральна нядаўна яны адзначылі 50-годдзе свайго выпуску. Мы развіталіся, але дамовіліся ў хуткім часе сустрэцца зноў – мне, нераўнадушнай да розных відаў творчасці, хочацца паглыбіцца ў свет захапленняў чалавека, якога вельмі паважаю.

На жаль, імглісты дождж не дазволіў зрабіць яркія здымкі цудоўных падворкаў, але і на тых кадрах, што атрымаліся, у вочы кідаецца індывідуальнасць, імкненне да гармоніі і рацыянальнасці. Менавіта гэтымі рысамі вызначаюцца гаспадары-суседзі з Багданава.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *