Крымінал, здарэнні ў нашай пастаяннай рубрыцы

Закон и порядок


АПОШНЯЯ ВАНДРОЎКА

18 верасня ў 14.36 у аператыўна-дзяжурную часць паступіла паведамленне, што каля гандлёвых палатак па вуліцы Савецкай у Валожыне ляжыць мужчына. Прыехаўшы на месца здарэння, медыкі канстатавалі факт смерці без прыкмет знешніх гвалтоўных дзеянняў. Чалавек быў 1970 года нараджэння.

Падобны выпадак адбыўся і ў ваколіцах вёскі Туркаўшчына. Невядомы патэлефанаваў у міліцыю і сказаў, што на абочыне дарогі ён заўважыў цела жанчыны. Нябожчыцай аказалася пенсіянерка 1937 года нараджэння. Яе таксама напаткала раптоўная смерць у людным месцы.

У аддзяленні рэанімацыі раённай бальніцы памёр 29-гадовы мужчына. Яго даставілі на лячэнне з прыкметамі вострага хімічнага атручвання. Аднак усе намаганні медыкаў аказаліся дарэмнымі. Вядома, што чалавек прыехаў у наш раён з Мінска. Хутчэй за ўсё ядам стаў недабраякасны алкаголь, выраблены падпольным чынам.

НЕСПАДЗЯВАНАСЦІ НА ДАРОГАХ

На мінулым тыдні ў панядзелак адбыліся два дарожна-транспартныя здарэнні з пацярпелымі. У першым выпадку пад коламі легкавушкі “Фальксваген-Джэта” аказаўся юнак 2002 года нараджэння. Хлопец пераходзіў вуліцу Гагарына ў Валожыне па нерэгуляваным пешаходным пераходзе, і ў гэты час на яго наехала аўтамашына, якая рухалася ў бок вуліцы М. Горкага. У выніку аварыі пацярпелы атрымаў траўму нагі і вымушаны быў звярнуцца за медыцынскай дапамогай.

Другое ДТЗ зафіксавана на 49-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Гродна. Устаноўлена, што ў напрамку сталіцы па крайняй левай паласе ехала іншамарка, вадзіцель якой знаходзіўся ў стомленым стане. А гэта, як вядома, недапушчальна, бо стварае пагрозу бяспецы руху. Бяда не прымусіла сябе доўга чакаць. Вадзіцель учыніў наезд на спадарожную аўтамашыну “Опель” у правай паласе. Ад удару легкавушка вылецела на абочыну і перакулілася. Траўміравана пажылая пасажырка “Опеля”.

Маршрут “Радашковічы-Туркаўшчына-Гіравічы” стаў апошнім для пенсіянера з Мінска. Мужчына кіраваў аўтамабілем “Кіа Сід” і на закругленым улева ўчастку дарогі па нейкай прычыне паехаў прама. На высокай хуткасці адбылося сутыкненне машыны з дрэвам…

ЧУЖЫ ПРАСНАК – САМЫ СМАК

На мінулым тыдні пацярпеў ад зладзейскага ўчынку добрасумленны жыхар вёскі Суднікі – з яго студні невядомы скраў водную помпу “Ручаёк М1” і 50 метраў палівачнага шлангу. Агульная сума нанесенага ўрону – 80 рублёў. Міліцыя вядзе пошукі злачынца.

Трапілі пад “прыцэл” крымінальных элементаў і дачныя домікі розных садовых таварыстваў. Асноўнае, чым жывіліся ў іх зладзеі, – прадукты харчавання і алкаголь. Але ёсць і больш буйны “ўлоў” – газавыя гарэлкі, бытавая тэхніка, адзенне, пасцельная бялізна.

Вядзецца следства і па факце крадзяжу дрэваапрацоўчага станка коштам 1000 рублёў у жыхара Івянца. Падазроны ў злачынстве затрыманы. Устаноўлена таксама і асоба, якая не так даўно “прыхватызавала” ў Пяршаях чужы веласіпед. Пацярпелы своечасова звярнуўся за дапамогай у міліцыю. Гэта і паспрыяла аператыўным дзеянням праваахоўнікаў. Зараз веласіпед вернуты гаспадару, а злодзей панясе крымінальную адказнасць.

НЕТРАДЫЦЫЙНЫ ПАДЫХОД

Прычынай сямейнай драмы можа стаць любая дробязь. Нядаўна справа ледзь не дайшла да разводу ў пажылой пары, якая шмат гадоў знаходзіцца ў шлюбе. Канфлікт узнік з-за таго, што муж абліў жонку халоднай вадой. Жанчына ў гэты час спала і, знянацку разбуджаная такім чынам, моцна спалохалася. Пазней пацярпелая выклікала міліцыю. На пытанне “Чым выкліканы Ваш учынак” мужчына адказаў: “Жонка ў сне моцна храпла. Мне гэта надакучыла…” Пісаць заяву на мужа і прыцягваць яго да адміністрацыйнай адказнасці жонка адмовілася.

Адмовілася заяўляць на мужа і жыхарка Ракава. Яе плач і крыкі пачулі суседзі. Выклікалі ўчастковага. Пабітая жанчына прызналася, што муж чатыры разы ўдарыў яе па твары – за здраду…

ЖАХЛІВЫЯ ВЫКАПНІ

Неспадзяваныя эмоцыі напаткалі велатурыстаў у старажытным Вішневе на вуліцы Цэнтральнай. Група моладзі вырашыла спыніцца тут на адпачынак. Месца яны выбралі маляўнічае – на высокім абрыве пясчанага кар’ера з відам на царкву. Нечакана непадалёку іх пасыпаўся жоўты пясочак і агаліў… чалавечы чэрап. На месца страшнай знаходкі была выклікана група крыміналістаў. Астанкі накіраваны на экспертызу.

Падчас земляных работ у Лоску таксама выяўлены чалавечыя косці. Па папярэдніх даных, пахаванне адбывалася прыкладна ў часы Вялікай Айчыннай вайны.

АБЛАМАЛІ КАЙФ

У адной з вёсак раёна затрыманы жыхар Валожына, які прыязджаў сюды ўжываць наркатычныя рэчывы расліннага паходжання. У доме, дзе ўсё адбывалася, выяўлены рэшткі саломкі карычнева-зялёнага колеру. Вядома, што хлопец стаіць на дыспансерным наркалагічным уліку. Зараз ён затрыманы і знаходзіцца пад вартай. Яму пагражае шматгадовае пазбаўленне волі.

Матэрыял па міліцэйскіх зводках падрыхтавала Алена ЗБІРЭНКА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *