Наш любiмы, нястомны манах…

Культура

Нядаўна на Валожынсшчыну завітаў з Польшчы былы пробашч касцёла св. Юзафа ў райцэнтры айцец Тамаш Лях.

Найперш ён наведаў Благачыннага настаяцеля Свята-Канстанціна-Аленінскай царквы Протаіерэя Дзмітрыя Агіевіча. З вялікай радасцю айцец Тамаш вітаў прыхаджан праваслаўнага храма, потым папрасіў іх спець песню да Маці Божай, а сам падыгрываў на губным гармоніку. Пры развітанні зрабілі фотаздымак на памяць.

Айцец Тамаш наведаў некаторых адказных службовых асоб, якія дапамагалі ў рэстаўрацыі касцёла на працягу 15 гадоў. Адшукаў Т. Лях час і для візіту да сваякоў благаслаўлёнага Св. Міхала Сапоцькі.

Асаблівую радасць даставіў візіт былога шаноўнага ксяндза хворым людзям. Ён не толькі праведаў іх, але і выканаў усе неабходныя рэлігійны рытуалы.

У кожным доме Валожынскіх парафіян айца Тамаша чакалі, як найлепшага госця. За кароткі тэрмін гэты немалады чалавек паспеў пабываць з візітам больш чым у дваццаці прыватных асобаў. Кожнаму ён знайшоў ласкавыя словы, удзяліў увагу, аказаў добразычлівасць.

У дзень ад’езду айцец Тамаш гасцінна запрасіў сваіх парафіян на кубачак гарбаты ў кавярню. Тут яшчэ раз звярнуўся індывідуальна да кожнага са словамі настаўлення і пажадання, раздаў памятныя медалікі і абразкі.

Як прызнаюцца гараджане, кожнаму радасна было бачыць на вуліцах Валожына знаёмую постаць айца Тамаша ў сціплым манаскім адзенні, пачуць з яго вуснаў благаславенне.

Нам яшчэ складана ў поўнай меры ўсвядоміць той уклад, які ўнёс гэты немалады чалавек у адраджэнне духоўнага жыцця нашага краю. Але адно разумеем добра – тое, што зрабілі яго нястомныя рукі, аб чым клапацілася яго нераўнадушная душа, застанецца на нашай зямлі на стагоддзі.

Сціплы манах з багатым унутраным светам… Ён прызнаўся, што шчыра любіць усіх нас. Давайце ж будзем вартымі яго любові!

Хрысціна МАРКОЎСКАЯ,

жыхарка г. Валожына.

 



Добавить комментарий