Телефон милиции – 102

Закон и порядок

За апошні тыдзень адбыўся шквал крадзяжоў. У некаторых выпадках даводзіцца здзіўляцца, як гэта зладзеям удалося.

У аднаго дачніка з вёскі Забалоць нехта “абчысціў” тры вуллі, украдзена 30 рамак з мёдам. Нават вопытны пчаляр ноччу дагляд пчол не робіць. Відаць, алергіі ў зладзеяў на ўкусы не было.

 

Пра прапажу курэй паступіў сігнал з Валожына. Жанчына паскардзілася, што пайшла раніцай карміць нясушак, а іх і след прастыў, хоць звечара ўсе пяць асобін былі на месцы. Ноччу ніякага вэрхалу не чула ні сама гаспадыня, ні суседзі…

У вёсках Забрэззе і Каралёўшчына зніклі бетонамяшалкі.

 

У жывёлавода аднаго з СВК прапаў з раздзявалкі кашалёк з беларускімі рублямі і 280 доларамі.

Магчыма, жаданне паклапаціцца пра харчовую бяспеку ўласнай сям’і падштурхнула загадчыцу адной малочнатаварнай фермы “прыхватызаваць” цялушку вагой 295 кілаграмаў (у грашовым эквіваленце – 1622500 рублёў). Але жанчыну пачалі даймаць дакоры сумлення. Яна напісала яўку з павіннай. Такі ўчынак супрацоўнікі міліцыі ацанілі станоўча, і было прынята рашэнне не ўзбуджаць супраць зладзейкі крымінальную справу.

 

У сюжэце колькіх займальных кінафільмаў прысутнічае скрадзеная карта, на якой указваецца месца схаванага пірацкага кладу!

Але, аказваецца, і самыя звычайныя карты таксама могуць уяўляць каштоўнасць. Прынамсі, геадэзічная карта прапала з дачы аднаго мінчаніна. Такі спецыфічны тавар наўрад ці зацікавіць перакупшчыка ці падпольнага самагоншчыка. Закрадваецца падазрэнне, што і сярод зладзеяў ёсць інтэлектуалы…

 

У рамках работы па папярэджанню вывазу тавараў за межы рэспублікі ў раёне праходзяць спецрэйды.

Вечарам 14 чэрвеня супрацоўнікі ДАІ, групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю і падатковай  інспекцыі на 60-м кіламетры аўтадарогі Мінск-Ашмяны спынілі «легкавушку» “Аудзі-6”, якой кіраваў жыхар Мінскага раёна.

Пры даглядзе ў багажніку машыны знойдзены 25 скрыняў з цыгарэтамі “Фэст” на суму 17600000 рублёў. Відавочна, што груз вызначаўся для правозу праз беларуска-літоўскую мяжу.

 

Падчас земляробчых работ па вуліцы Леніна ў Івянцы выяўлены цэлы арсенал часоў Вялікай Айчыннай вайны.

Прыбыўшы на месца небяспечнай знаходкі сапёрна-піратэхнічны атрад дастаў аж 215 патронаў. Боезапас перададзены на захоўванне ў РАУС.

 

Давялося праваахоўнікам займацца і пошукамі маладой жанчыны з Сугваздаў.

Праўда, на той раз яна прапала з Валожына, дзе ляжала ў дзіцячым аддзяленні бальніцы разам з малалетнімі дзецьмі. Замест таго, каб выконваць назначэнні ўрачоў, яна рашыла весела правесці час.

Матэрыял да друку па міліцэйскіх зводках падрыхтавала

Алена ЗБІРЭНКА.

 



Добавить комментарий