На Валожынскай сцэне — «Дразды»!

Культура


Па-сяброўску шчыра і адкрыта прайшоў на мінулым тыдні канцэрт групы “Дразды”. Гурт карыстаецца асаблівай папулярнасцю на Валожыншчыне, бо гэта малая радзіма яго саліста і лідара Віталя Карпанава.

Завадныя, дасціпныя, часам прыкольныя хіты групы айчыннай эстрады прыйшліся ўсім даспадобы. Падкуплялі простасць і непасрэднасць артыстаў. Паміж музычнымі нумарамі, якіх дарэчы было каля дваццаці, Віталь прадстаўляў музыкантаў, расказваў выдуманыя праўдзівыя гісторыі, жартаваў і адказваў на пісьмовыя пытанні.

“Дразды” вынеслі на суд гледачоў хіты “Увезу в деревню”, “Не танцую”, “Кеды полукеды”, “Три рубля” і інш., а таксама новыя песні.

Вялікае месца ў выступленні было адведзена тэме малой радзімы. Віталь, расказваючы пра бацькаўшчыну, узгадаў прозвішча мудрага і прагрэсіўнага кіраўніка Іосіфа Драгуна, які калісьці стаяў ля вытокаў станаўлення гаспадаркі — сённяшняга КУП «Сівіца». Асабліва кранальна гучалі творы на беларускай мове — “Вёска”, “Каханая дзяўчына”…

Гледачы, а гэта больш за дзвесце пятнаццаць чалавек, дружна падпявалі і актыўна ўдзельнічалі ў размове. Малыя танцавалі, беручы прыклад з артыстаў. Адметна, што свой рэпертуар і музыку да яго Віталь Карпанаў складае сам. Яго вясёлыя песні і асабістая харызма прыцягваюць і заварожваюць.

Маладому чалавеку вельмі прыемна было бачыць на выступленні дарагіх бацькоў, якія жывуць у Сівіцы. Удзячны сын уручыў букет маці. Валожынцы ж адчулі гонар за тое, што наша зямля ўзгадавала таленавітага артыста.

Анжэла РАДЫНА,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *